Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце

Набыць беларускія кнігі можна на сайтах prastora.by і knihi.by



Эпіграма

   Эпіграма (грэч. epigramma — надпіс) — 
    1. У антычнай літаратуры невялікі афарыстычны зварот да нейкай агульнавядомай асобы з пажаданнем або ўсхваленнем.
    Першапачаткова эпіграмы пісаліся на сценах малітоўняў, пастаментах помнікаў, каштоўным посудзе і гэтак далей. Пазней тэматычныя рамкі эпіграмы пашырыліся, увабраўшы ў сябе дыдактычныя і філасофскія сентэнцыі, любоўныя, сатырычныя і іншыя матывы. 
    Майстрамі старажытнагрэчаскай і лацінскай эпіграмы былі Сіманід, Асклепіяд, Калімах, Катул, Марцыял. У сваім «услаўленчым» значэнні жанр эпіграмы ўвайшоў у старажытную беларускую літаратуру — т. зв. эпікграмы (узрыўны гук г у старабеларускай мове перадаваўся літарамі кг) на гербы знатных магнатаў(напрыклад, эпікграма «На герб яснавяльможнага пана Астафея Валовіча, пана Віленскага і прочых», напісаная А. Рымшам);
    2. Лаканічны (звычайна ад двух да васьмі радкоў) сатырычны верш з вострай і часта нечаканай канцоўкай, у якім дасціпна высмейваецца нейкая асоба ці грамадская загана. У еўрапейскай паэзіі XVIII—XIX стст. эпіграмамі славіліся Лафантэн, Вальтэр, Русо, Бёрнс, Гётэ, Шылер, А. Пушкін, М. Някрасаў, В. Курачкін, Дз. Мінаеў і інш.
    У савецкай літаратуры надзённыя і дасціпныя эпіграмы стварылі Дз. Бедны, А. Архангельскі, С. Маршак, С. Алійнык.
    Першыя беларускія эпіграмы з’явіліся на пачатку XX ст. Майстрам эпіграмы быў Янка Купала, які надаў ёй выразную сацыяльна-палітычную скіраванасць:

То беларус, то палячок, 
А чым папраўдзе — не згадаць.
Паслухай, гладкі панічок:
Пашто так скурай гандляваць?


    Народны паэт пакінуў і шэраг эпіграм літаратурнага, а таксама прыватна-інтымнага зместу («Эпіграма на самога сябе», «Якубу Коласу», «Валодзю Хадыку»).
Эпіграмы пісалі Максім Багдановіч («Крытыку»), Якуб Колас («Памяці нябожчыкаў», «Адзначым факт»), Кандрат Крапіва («Да ноты Керзана», «Інтэрв’ю Якуба Коласа»). Да гэтага жанру ў беларускай паэзіі звярталіся Максім Танк, Васіль Вітка, А. Вялюгін, Рыгор Барадулін, М. Скрыпка і некаторыя іншыя паэты. Вось некалькі розных паводле жанравай разнавіднасці эпіграм:

 

Таму і робяць ператрусы
Падзей і дат, каб назаўжды
Устанавіць, што беларусы —
Нашчадкі...… Залатой арды.
(А. Цыркуноў. «Абэцадаршчына»)

Я не горшы ад Рагойшы
І не меншы ад Камейшы,
А прабіцца не ўдаецца
Ні ў Саюз, ні ў выдавецтва.
 (К. Крапіва. «З скаргі маладога літаратара») 

Новы Год...… ці будуць змены?
Ці народ будзе маўчаць?
Скача Зайка, скачуць цэны,
Цэнаў Зайцу — не дагнаць.
(М. Міцкевіч)

 

    Эпіграмы беларускіх пісьменнікаў увайшлі ў «Анталогію беларускай эпіграмы» (Уклаў К. Камейша. Мн., 2000).