Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Энцыклапедыя

   Энцыклапедыя (ад гр. enkykliospaideia — кола ведаў) — навуковае ці навукова-папулярнае даведачнае выданне па ўсіх або пэўных галінах ведаў. Матэрыял у такіх выданнях звычайна размяшчаецца паводле алфавітнага, часам — паводле алфавітна-тэматычнага прынцыпу.
   Энцыклапедыі падзяляюцца на універсальныя, што ахопліваюць матэрыял па ўсіх галінах ведаў, рэгіянальныя, якія абмежаваны пэўнай тэрыторыяй, галіновыя, прысвечаныя пэўнай галіне ведаў, культуры ці народнай гаспадаркі, і персанальныя, куды ўваходзіць даведачны матэрыял пра нейкую адну выдатную асобу.
   Прыкладам універсальных энцыклапедый з'яўляюцца 12-томная "Беларуская Савецкая (1969-1975), а таксама 18-томная "Беларуская энцыклапедыя", выданне якой распачалося ў 1996 г. Прыклад рэгіянальнай энцыклапедыі - "Беларуская ССР: Кароткая энцыклапедыя" (т. 1-5, 1978-1982), дзе матэрыял пададзены паводле тэматычна-алфавітнага прынцыпу (даведкі пра літаратуру і літаратараў змешчаны ў 4 і 5 т.). Каштоўнейшыя звесткі па гісторыі і тэорыі літаратуры і мастацтва ўвайшлі ў галіновую "Энцыклапедыю літаратуры і мастацтва Беларусі" (т. 1-5, 1984-1987). З былых рэспублік СССР падобныя энцыклапедыі маюцца толькі ў Расіі (у прыватнасці, 9-томная "Краткая литературная энциклопедия", 1962-1978). "Украïнська літературна енциклопедія" ў 5-ці тамах з 1988 г. пачала выдавацца ў Кіеве (выйшлі пакуль што чатыры тамы). Услед за ўкраінскім "Шевченківським словником" (т. 1-2, 1976-1977) і рускай "Лермонтовской энциклопедией" (1981) пабачылі свет дзве персанальныя беларускія літаратурныя энцыклапедыі — "Янка Купала" (1986) і "Францыск Скарына і яго час" (1990). Мова шэрагу буйных беларускіх пісьменнікаў разгледжана ў грунтоўнай энцыклапедыі "Беларуская мова" (1994). Звесткі пра многіх дзеячаў культуры, у тым ліку пісьменнікаў, можна знайсці ў "Энцыклапедыі гісторыі Беларусі" (т. 1-6, 1993-2003), у аднатомных энцыклапедычных даведніках "Этнаграфія Беларусі" (1989), "Мысліцелі і асветнікі Беларусі: X-XIX стагоддзі" (1995), "Беларусь" (1995) і інш. Да энцыклапедый па паўнаце і спосабе падачы матэрыялу прымыкаюць спецыялізаваныя слоўнікі літаратуразнаўчых тэрмінаў.