Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце

Набыць беларускія кнігі можна на сайтах prastora.by і knihi.by



Харэй

   Харэй (грэч. choreios — танцавальны, ад choros — хор, карагод, танец) —
   1. Адзін з метраў антычнай і сілаба-танічнай сістэм вершавання, заснаваны на раўнамерным чаргаванні ў вершаваных радках доўгіх (або націскных) няцотных і кароткіх (або ненаціскных) — цотных складоў; схема гэтага метра наступная: |— |— |— ...;
   2. Від двухскладовай стапы, што мае доўгі і кароткі (антычнае вершаванне) або націскны і ненаціскны склады (сілаба-танічнае вершаванне): |—.
   Xарэй — самы пашыраны (пасля ямба) від стапы ва ўсходнеславянскай паэзіі. Вершаваны рытм, у аснове якога ляжыць харэй, дапамагае лепшаму выяўленню настрою весялосці, гуллівасці, аптымізму. Напрыклад:

 

Гарманіст мяхі разводзіць,
І пайшло ў катле кіпець!
Проста самі ногі ходзяць,
Паспрабуй — стрывай, уседзь.
(К. Кірэенка. «Палеская полька»)

Рыцар збройны на кані
Скача
Блізка сем стагоддзяў,
Каб нашчадак
След знаходзіў
Да крывіцкай чысціні.
(Рыгор Барадулін. «Рыцар збройны на кані»)


   Разам з тым харэй, найперш тады, калі ў радках звыш чатырох стопаў, можа добра выяўляць і настрой роздуму, развагі:

 

Ёсць такі удумак вечаровы,
Дзе забыты і нягоды, і радня…...
І сярэбраныя чуюцца падковы
Абнадзеенага заўтрашняга дня.
(Яўгенія Янішчыц)

Не сустрэліся ні разу мы з табою за вайну,
А твае лісты з маімі стрэчу мелі не адну.
Кожны раз на паўдарозе сустракаліся яны:
На вайну твой ліст імкнецца, мой спяшаецца з вайны.
(Аркадзь Куляшоў. «Галубкі»)


   Харэй шырока выкарыстоўваецца ў вуснай народнай творчасці (вершы, прыпеўкі, жартоўныя песні), у прыватнасці ў дзіцячым фальклоры (лічылкі, забаўкі, скарагаворкі). Адзін з першых узораў харэічнага метра ў беларускай пісьмовай паэзіі сустракаецца яшчэ на пачатку XVII ст. — «Польша квитнеть лациною» Яна Казіміра Пашкевіча.
   У навейшай беларускай паэзіі харэй выкарыстоўваецца вельмі часта. Максім Багдановіч, у прыватнасці, ужыў харэй, згодна падлікаў I. Ралько, у 889 вершаваных радках (21 працэнт ад усіх напісаных), прычым выкарыстаў 22 харэічныя памеры (ад трох- да васьмістопнага). Якуб Колас харэй ужыў у большасці сваіх твораў, выкарыстаўшы 34 памеры і іх разнавіднасці (сярод іх найчасцей — Х4). У творчасці Янкі Купалы харэй пераважае не толькі па ліку твораў, але і па колькасці вершаваных радкоў, у якіх ён ужыты. Прычым, у народных песняроў заўважаецца тэндэнцыя: харэй пераважае ў малых па радковаму аб’ёму творах, ямб — у вялікіх. Увогуле, як сведчаць даследчыкі верша, харэічныя тэндэнцыі характэрны не толькі для беларускай, але і для ўкраінскай і рускай народнай паэзіі. Харэічнымі памерамі напісаны паэма Якуба Коласа «Сымон-музыка», верш Янкі Купалы «Вечарынка ў калгасе», вершаваныя казкі Максіма Танка «Конь і Леў», «Журавель і Чапля», паэма «Люцыян Таполя» і інш.