Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце

Набыць беларускія кнігі можна на сайтах prastora.by і knihi.by



Халасты радок

   Халасты радок — незарыфмаваны вершаваны радок у рыфмаваным творы.
   Халастымі бываюць няцотныя радкі паўбелага верша, напісанага чатырохрадкоўямі, і гэта з’яўляецца яго асноўнай прыметай (гл.: белы верш).
   Халастыя радкі могуць ужывацца і ў іншых строфах. Так, у вершы Пімена Панчанкі «Коні», напісаным трохрадкоўямі, трэція радкі ва ўсіх строфах — халастыя радкі:

Дзівіліся мы, і дзівіліся фрыцы:
Такое у сне толькі можа прысніцца
На сене духмяным.

З-пад лесу на поўдзень, нібы у пагоні,
Імчаліся коні, без коннікаў коні,
Па лузе вячэрнім.


   Рэгулярныя халастыя радкі — уласцівасць некаторых усходніх відаў строфаў: газэлі (першыя радкі двухрадкоўяў), рубаі (трэція радкі чатырохрадкоўяў) і інш.
   Асаблівы эфект узнікае пры неспадзяваным, непрадбачаным з’яўленні халастога радка на фоне зарыфмаваных. У гэтым выпадку парушаецца інерцыя рыфмовага чакання, на халасты радок і перш за ўсё на яго апошняе слова звяртаецца найбольшая ўвага. Напрыклад, у вершы Пімена Панчанкі «Напаўголасу...» з 28 вершаваных радкоў (сем чатырохрадкоўяў з перакрыжаванай рыфмоўкай) незарыфмаваны толькі апошні. Гэта дазволіла паэту паўней выявіць галоўную думку верша, засяродзіць увагу чытача (слухача) твора на суадносінах духоўнай і фізічнай прыгажосці нашага маладога сучасніка.