Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце

Набыць беларускія кнігі можна на сайтах prastora.by і knihi.by



Утопія

   Утопія (ад грэч. u - няма і topos — месца, гэта значыць месца, якое не існуе) — жанр навуковай фантастыкі, твор, у якім жыццё прыдуманага грамадства ўвасабляе нейкі сацыяльны або тэхнічны ідэал пісьменніка. Пры гэтым мадэляванне магчымага сацыяльнага ўладкавання людзей адкрыта ці прыхавана звязана з незадаволенасцю пісьменніка існуючым становішчам. Утопія выпрацавала шэраг мастацкіх прыёмаў і сюжэтных хадоў: кантраст паміж сучасным і будучым, "сны", падарожжы ў іншасвет ці на іншыя планеты і гэтак далей. Назву твораў гэтага жанру дала "Утопія" Томаса Мора (1516), хаця першавытокі утопіі відаць яшчэ ў Платона ("Дзяржава", "Тымей", "Законы" і інш.). Творы-утопіі, у тым ліку раманы-утопіі, пісаліся на працягу ўсяго існавання еўрапейскай літаратуры ("Горад Сонца" Т. Кампанелы, "Новая Атлантыда" Ф. Бэкана, асобныя творы Р. Оуэна, В. Гюго, М. Чарнышэўскага, Э. Заля, У. Віннічэнкі, Л. Ляонава, I. Яфрэмава і інш.).
Першую беларускую утопію напісаў Вацлаў Ластоўскі — аповесць "Лабірынты" (1923), у якой ідэю пабудовы ідэальнага грамадства звязаў з неабходнасцю захавання нацыянальнай духоўнай і матэрыяльнай спадчыны, стварэннем арыгінальнай рэлігійнай сістэмы. Відавочна, ён абапіраўся на польскамоўную утапічную паэму Т. Іяўлевіча "Лабірынт, або заблытаная дарога" (1625), аўтару якой свет здаваўся заблытаным лабірынтам, дарогай без выйсця. Герою ж Вацлава Ластоўскага тайна лабірынта, што сімвалізуе непарыўную сувязь сённяшніх беларусаў і іх продкаў, становіцца вядомай. Аднак, каб вынесці яе "на паверхню", трэба прайсці розныя выпрабаванні. I на гэтым шляху дапамагчы яму могуць толькі Мудрасць, Любоў і Вера. (Дарэчы, у Іяўлевіча аповед вёўся ад імя алегарычнай Мудрасці)...
   Прыметы утопіі ў той ці іншай ступені мелі творы сацыялістычнага рэалізму, адным з патрабаванняў якога быў паказ жыцця такім, якое яно павінна было быць згодна з камуністычнай перспектывай развіцця грамадства. Бадай адначасова з узнікненнем утопіі пачала развівацца антыутопія. у якой аспрэчваліся утапічныя пражэкты Т. Мора, Ф. Бэкана, Т. Кампанелы і інш. Пазней будучае грамадства пачало паказвацца ў трывожных і нават змрочных танах. Гэта прадвызначалася (і прадвызначаецца цяпер) пагрозай чалавечаму існаванню, што нясуць з сабой асобныя ідэалогіі і палітычныя рэжымы (шавінізм, рэлігійны фанатызм, расізм, таталітарызм, фашызм), я таксама выдаткі навукова-тэхнічнага прагрэсу (экалагічныя кятастрофы, атамная вайна і гэтак далей). Выразныя ўзоры антыутопій — раманы-антыўтопіі "Жалезная пята" Джэка Лондана, "Машына часу" Г. Уэлса, "Мы" Я. Замяціна, "Роковые яйца" М. Булгакава, "Чавенгур" А. Платонава, "Вайна з саламандрамі" Карла Чапека, "1984" Джорджа Оруэла, аповесць Алеся Адамовіча "Апошняя пастараль", асобныя творы С. Лема, Айзэка Азімава, А. і Б. Стругацкіх і інш.