Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце

Набыць беларускія кнігі можна на сайтах prastora.by і knihi.by



Тэрмін літаратуразнаўчы

   Тэрмін літаратуразнаўчы (лац. terminus - мяжа, граніца, пагранічны знак) — асобнае слова ці словазлучэнне, якое выяўляе пэўнае, дакладна акрэсленае паняцце з галіны літаратуразнаўства.
   Да літаратуразнаўчых тэрмінаў адносяцца словы-паняцці, што абазначаюць літаратурныя роды (эпас, лірыка, драма), віды (раман, аповесць, апавяданне, навела; верш, паэма; камедыя, трагедыя, драма), жанры (гістарычны раман, гумарэска, фельетон, ода, балада, элегія), кампаненты паэтыкі (кампазіцыя, сюжэт, метафара, параўнанне, страфа, алітэрацыя), з'явы вершазнаўства (сілабічнае вершаскладанне, дактыль, харэй, стапа) і іншыя.
   Сукупнасць літаратуразнаўчых тэрмінаў называецца літаратуразнаўчай тэрміналогіяй. Выдаюцца спецыяльныя літаратуразнаўчныя слоўнікі, у якіх растлумачваецца сутнасць асобных літаратуразнаўчых тэрмінаў.
Упершыню ня Беларусі асобныя літаратуразнаўчыя тэрміны былі зафіксаваны ў выданнях Францыска Скарыны (1517 — 1519). Важнейшыя вершазнаўчыя паняцці (метр, стапа, памер, рыфма і гэтак далей) вытлумачвалі яшчэ Л. Зізаній у "Граматыцы славянскай" (Вільня, 1596) і Мялецій Сматрыцкі ў кнізе "Граматыкі славянскай правільная сінтагма" (Еўе, 1618). Многія тэрміны растлумачваліся ў працах (на лацінскай мове) М. К. Сарбаеўскага "Пра дасканалую паэзію, або Вергілій і Гамер" і "Курс паэтыкі", у аснову якіх ляглі лекцыі, прачытаныя аўтарам у Полацкай езуіцкай калегіі ў 1617 -1627 г. г. Аднак асобныя беларускія слоўнікі літаратуразнаўчых тэрмінаў з'явіліся толькі ў XX ст. Іх стварэнне пачалося з распрацоўкі самой літаратуразнаўчай тэрміналогіі (назваслоўя), у што значны ўклад унёс Янка Купала. Працуючы на пачатку 20-х гг. у Тэрміналагічнай камісіі Інстытута Беларускай Культуры на пасадзе сакратара Гуманітарнай секцыі, паэт склаў і выдаў у 1923 г. тэрміналагічны слоўнік "Практыка і тэорыя літаратурнага мастацтва". У слоўніку да сотняў рускіх літаратуразнаўчых тэрмінаў дадзены беларускія адпаведнікі, многія з якіх упершыню прапанаваны Янкам Купалам (абагульненне, адухаўленне, вершаванне, выклад, іншасказ, назваслоўе, недасказ, паміждзея, прыпавесць, увасабленне, уласнапіс, усцэнізаванне і іншыя).
   Максім Гарэцкі ўпершыню літаратуразнаўчае "Назваслоўе" (з растлумачэннем літаратуразнаўчых тэрмінаў) ўключыў у сваю "Гісторыю беларускае літаратуры" (1924). Некаторыя літаратуразнаўчыя тэрміны растлумачыў у "Паэтыцы літаратурных жанраў" Я. Барычэўскі (1927). У пасляваенны час выйшлі "Кароткі літаратуразнаўчы слоўнік" А. Макарэвіча (2-е выд., 1969), "Слоўнік літаратуразнаўчых тэрмінаў' М. Лазарука і А. Ленсу (2-е выд., 1996), "Паэтычны слоўнік" (3-е выд., 2004), "Тэорыя літаратуры ў тэрмінах" (2001) В. Рагойшы. Многія літаратуразнаўчыя тэрміны вытлумачаны ў 5-томнай "Энцыклапедыі літаратуры і мастацтва Беларусі" (1984 - 1987).