Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце

Набыць беларускія кнігі можна на сайтах prastora.by і knihi.by



Тэорыя літаратуры

   Тэорыя літаратуры — гэта адна з галін літаратуразнаўства, якая займаецца тым, што выпрацоўвае сістэму навуковых паняццяў аб мастацкай літаратуры, а менавіта: акрэслівае прадмет літаратуразнаўства, вызначае яго будову (структуру), прасочвае сувязі прыгожага пісьменства з іншымі відамі мастацкай творчасці і галінамі грамадскага жыцця, выяўляе ўнутраныя разнавіднасці мастацкай літаратуры, фіксуе заканамернасці і формы гісторыка-літаратурнага развіцця. Плёнам сваіх назіранняў і высноў тэорыя літаратуры забяспечвае іншыя састаўныя часткі літаратуразнаўства (гісторыю літаратуры і літаратурную крытыку як дзве астатнія асноўныя галіны літаратуразнаўства, а таксама тэксталогію, бібліяграфію, гісторыю і метадалогію літаратуразнаўства і некаторыя іншыя дапаможныя дысцыпліны). Спецыфіка тэарэтыка-літаратурнага пазнання ў тым, што яно займаецца не ўсебаковым і дэталёвым апісаннем канкрэтных літаратурных фактаў і з'яў, а выяўляе ў іх важнае, істотнае, заканамернае, характарызуючае адначасова цэлы шэраг аднатыпных фактаў і з'яў. Дадзенай акалічнасцю вызначаецца таксама і метадалагічная функцыя тэарэтыка-літаратурнага пазнання: тэорыя літаратуры не толькі абагульняе і сістэматызуе эмпірычны літаратурны матэрыял, а таксама стварае сістэму літаратуразнаўчых паняццяў і тэрмінаў, яна служыць яшчэ і асновай для ўзнікнення навуковых метадаў пазнання літаратуры.
   Як любая галіна навуковых ведаў тэорыя літаратуры цесна звязана з іншымі дысцыплінамі, найперш сумежнымі — мастацтвазнаўствам і эстэтыкай, а таксама мовазнаўствам (лінгвістыкай). Шматстайныя сувязі ў тэорыі літаратуры з сацыялогіяй, гісторыяй, этыкай, этнаграфіяй, псіхалогіяй.
   У працэсе выпрацоўкі сваіх паняццяў і тэрмінаў тэорыя літаратуры абапіраецца як на шматлікія мастацкія, філасофска-эстэтычныя і навуковыя традыцыі, выпрацаваныя чалавецтвам на працягу стагоддзяў, так і на вопыт сучасных мастакоў слова, крытыкаў, літаратуразнаўцаў, мастацтвазнаўцаў, філосафаў, лінгвістаў, сацыёлагаў і г. д.