Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце

Набыць беларускія кнігі можна на сайтах prastora.by і knihi.by



Тэндэнцыйнасць

   Тэндэнцыйнасць (лат. tendentia, ад tendo – накіроўваю, імкнуся) – накіраванасць творчасці, ідэйнае асэнсаванне пісьменнікам характараў, якія ён выводзіць у сваіх творах, эмацыянальная афарбаванасць, суб’ектыўнасць у асвятленні падзей.
   Абсалютна аб’ектыўных твораў не бывае, кожны мастак выяўляе сваю жыццёвую пазіцыю, з якой і зыходзіць, абмалёўваючы рэчаіснасць. Але тэндэнцыйнасць бывае рознай. Адно – палкая абарона прагрэсіўных поглядаў, інтарэсаў сваёй дзяржавы, народа, барацьба за справядлівасць. Другое – актыўная абарона аджылага, таго, што перашкаджае новаму, больш прагрэсіўнаму. Такая тэндэнцыйнасць скажае аб’ектыўнасць мастацкай ідэі твора, адмоўна ўплывае на яго эстэтычную вартасць. Тэндэнцыйнасць, прычым адкрытая, была дэкларавана тэорыяй сацыялістычнага рэалізму. Але яна дэкларавалася для ўхвалення літаральна ўсяго, што ажыццяўляла ў сваёй дзейнасці камуністычная партыя. Нават найменшая крытыка ў галіне кіравання дзяржавай, яе ідэалагічных установак (у прыватнасці, жорсткай барацьбы з рэлігіяй, з прыватнай уласнасцю, недапушчэнне ў эканоміцы рынкавых адносін і г.д.) не дапускалася. Крытыка ўсяго гэтага ў мастацтве тады-сяды праяўлялася, і праяўлялася таксама ў тэндэнцыйнасці, толькі прыхаванай. Яна выказвала сябе ў разнастайных жанрах сатыры, грамадзянскай лірыкі, сацыяльнай фантастыкі, антыўтопіі. Часам тэндэнцыйнасць выяўлялася і ў асаблівай эмацыянальнай афарбоўцы твора, яго пафасе.