Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце

Набыць беларускія кнігі можна на сайтах prastora.by і knihi.by



Трыялет

   Трыялет (франц. triolet, ад італ. trio — трое) — від васьмірадковага верша, у якім два першыя і два апошнія, я таксама першы і чацвёрты радкі аднолькавыя. Першы радок паўтараецца тройчы (адсюль і назва).
   Трыялет мае дзве рыфмы. Паўторы вершаваных радкоў у трыялеце павінны матывавацца натуральным развіццём тэмы твора, завастраць увагу чытача на яго асноўнай думцы.
   Узнік трыялет у XV ст. ў Францыі як скарочаная форма рандэля.
   У рускай паэзіі з'явіўся ў пачатку XIX ст. (М. Карамзін), затым амаль цэлае стагоддзе не ўжываўся. Адрадзіўся і пашырыўся ў 10-я гг. XX ст. ў паэзіі К. Фофанава, К. Бальмонта, В. Брусава, I. Рукавішнікава. Першы ўкраінскі трыялет належыць паэту-рамантыку В. Бадзянскаму (1831).
   У беларускую паэзію трыялет увёў Максім Багдановіч ("... Дзераўлянае яечка", "Мне доўгае расстанне Вамі", "... Як птушка ў гібкіх трысніках", 1912-1913). Гэтай пераважна гуллівай, пацяшальнай форме верша, якая ўжывалася амаль выключна ў інтымнай лірыцы, ён надаў грамадзянскі змест. Такія яго трыялеты "... Ты быў, як месяц, адзінокі" (прысвечаны дачасна памёршаму С. Палуяну), "... Калісь глядзеў ня сонца я":

 

Калісь глядзеў на сонца я,
Мне сонца асляпіла вочы.
Ды што мне цемень вечнай ночы,
Калісь глядзеў на сонца я.
Няхай усе з мяне рагочуць,
Адповедзь вось для іх мая:
Калісь глядзеў на сонца я,
Мне сонца асляпіла вочы.


   Максім Багдановіч упершыню ўвёў трыялет у сатырычную паэзію ("... Николай Иваныч, Вы ли?"). У савецкі час гэту даўнюю форму паэзіі прымусіў па-сучаснаму загучаць выдатны армянскі паэт Н. Зяр'ян — напісаў трыялетам вялікі твор, прысвечаны памяці дваццаці шасці бакінскіх камісаряў ("Дваццаці шасці камісарам").
   Таксама ў беларускай паэзіі да трыялета звяртаюцца Алесь Салавей ("Трыялет", "Ты мне за ўсё найдаражэй..."), Еўдакія Лось ("Трыялет") Д. Бічэль-Загнетава ("... Не называй мяне жаданай", "... Лёгкія сняжынкі ў цішы"), Рыгор Барадулін ("Юнацтва светлая часіна"), Ніл Гілевіч (Ты сэрца маё ўсхвалявала...), Хв. Чэрня (цыкл "Трыялеты"), М. Федзюковіч ("... Нарач -возера, Нарач - мора"), А. Барскі (цыкл "Трыялеты"), С. Панізнік ("На белай хвалі), Янка Сіпакоў ("...Дзе нам баліць, там і душа", "Трыялет гадоў"), Эдуард Акулін ("Каб толькі бачыць Вашы вочы...", "Не вернецца назад Учора...") і інш. Асобную кніжку вершаў, напісаную трыялетам, выдаў Ю. Голуб.