Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце

Набыць беларускія кнігі можна на сайтах prastora.by і knihi.by



Топас

Топас (гр. topos — месца) — мастацкая прастора, увасобленая ў сістэме выяўленчых сродкаў твора. Перш за ўсё гэта тая рэальная прастора, месца (месцы), дзе адбываюцца тыя ці іншыя падзеі твора (твораў). Такая прастора валодае канкрэтнасцю і часта рухомасцю (калі персанажы перамяшчаюцца ў ёй). Прычым, месца дзеяння можа мець уласную тапанімічную назву (сапраўдную ці вымышленую) або не мець яе. Апрача гэтага, топас абазначае своеасаблівую суб'ектыўную, сімвалічна-метафарычную прастору — такую, якой яна ўспрымаецца чытачом, узнікае ў ягонай уяве. Пры гэтым сама прастора надзяляецца шматлікімі пераноснымі сэнсамі, а словы з прасторавымі характарыстыкамі ўжываюцца ў якасці метафар. Урэшце, мастацкія творы ўваходзяць у складаную, шматузроўневую прастору культуры, у якой арганічна ўзаемадзейнічаюць не толькі самі гэтыя творы, але і розныя віды мастацтва. Паняцце топас і ўбірае ў сябе ўсе гэтыя разуменні прасторы ў іх складаным перапляценні і ўзаемадзеянні. Часам гэтым тэрмінам абазначаюць вобраз-матыў, характэрны для ўсёй літаратуры нейкай нацыі (напр., топас зямлі або роднага кута ў беларускай літаратуры) ці нават цэлай культуры асобнага перыяду ("жыццё як тэатр" у еўрапейскай культуры эпохі Адраджэння).