Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Твор літаратурны

   Твор літаратурны - завершаны па форме празаічны ці вершаваны тэкст, які адпавядае існуючым у пэўным часе і асяроддзі законам мастацкасці.
   Літаратурны твор узнікае ў выніку мэтанакіраванай (хоць часам знешне і не заўважанай) працы пісьменніка па вывучэнню і адбору жыццёвага матэрыялу, клапатлівых пошукаў адэкватных сродкаў яго моўнага ўвасаблення (творчая гісторыя), з'яўляецца вынікам інтэнсіўных псіхаэмацыянальных і разумовых высілкаў аўтара (творчы працэс). У літаратурным творы рэалізуецца канцэпцыя чалавека і жыцця ўвогуле, што абумоўліваецца светапоглядам пісьменніка. Праца над літаратурным творам звычайна пачынаецца з узнікнення творчай задумы - першаснага ўяўлення пра ягоную сутнасць, што прадвызначаецца пафасам творчасці пісьменніка. Увасабляецца ж задума ў канкрэтных жыццёвых з'явах і падзеях, што вобразна паказвае мастак слова (тэматыка), у пытаннях, праблемах, якія ён уздымае (праблематыка), у пэўнай ідэі (грэц. idea - паняцце, уяўленне) — асноўнай думцы, што сцвярджаюцца ўсім моўна-вобразным ладам літаратурнага твора.
   Нярэдка ў літаратурным творы вылучаецца яшчэ матыў (франц. motif, ад лац. moveo - рухаю) — устойлівы ідэйна-тэматычны ці вобразна-эмацыянальны кампанент, прадвызначаны колам жыццёвых з'яў, ня якія асабліва чуйна рэагуе пісьменнік. Часам адны і тыя ж матывы праходзяць праз шэраг літаратурных твораў і нават усю творчасць пісьменніка, утвараючы лейтматыў (ад ням. leitmotiv - вядучы матыў).
   Тэрмін "матыў' найбольш часта ўжываецца ў дачыненні да паэзіі з яе цягай да сімвалізацыі (бурлівае мора ў Цёткі, босыя на пажарышчы ў Міхася Чарота, Маладая Беларусь у Янкі Купалы), але асобныя матывы можна вылучыць у празаічных і драматычных літаратурны творах (тутэйшавізм у Янкі Купалы, дарога і раздарожжа ў Якуба Коласа, станаўленне новага пакалення ў Кузьмы Чорнага і інш.).
   Як правіла, літаратурны твор падпісваецца сапраўдным прозвішчам пісьменніка, радзей - яго псеўданімам, вымышленым прозвішчам (Яська-гаспадар з-пад Вільні, Дзядзька Антон, Мацей Бурачок, Янка Купала, Якуб Колас, Міхась Васілёк, Вера Вярба і г. д.). У беларускай літаратуры існуе цэлы шэраг ананімных літаратурны твораў, аўтарства якіх зусім невядомае або спрэчнае (Тэатр", "Вось цяпер які люд стаў', "Гутарка Данілы са Сцяпанам", "Гутарка пана з селянінам" і інш.).
   Лепшыя літаратурныя творы, з'яўляючыся найменшай адзінкай літаратурнага працэсу, займаюць прыкметнае месца ў гісторыі нацыянальнай і сусветнай літаратур ("Новая зямля" Якуба Коласа, "Палеская хроніка" Івана Мележа, "Знак бяды" Васіля Быкава і інш.).