Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце

Набыць беларускія кнігі можна на сайтах prastora.by і knihi.by



Сінтаксіс літаратурны

   Сінтаксіс літаратурны - сістэма сінтаксічнай арганізацыі мовы мастацкай літаратуры.
   Два тыпы мовы - вершаваная і празаічная - маюць сваю спецыфіку. Сінтаксіс вершаванай мовы больш складаны, чым сінтаксіс мовы празаічнай. Так, даследчыкі адзначаюць, што ў А. Пушкіна, напрыклад, "проза валодае прасцейшым сінтаксісам, чым верш, які валодае намнога больш складаным апаратам суадносін і сувязей" (Б. Тамашэўскі). Аднак гэтая складанасць, дзякуючы асаблівасцям вершаванай мовы, не адчуваецца чытачом (слухачом) твора, не перашкаджае яго разуменню. Наадварот, усе складанасці сінтаксічнай пабудовы верша, калі яны толькі мастацка апраўданы, служаць адной мэце: дапамагчы лепш, больш арганічна выявіць думку і пачуццё паэта.
   У сістэму літаратурнага сінтаксісу уваходзяць рытарычныя фігуры (рытарычныя пытанні, звароткі, воклічы). Асаблівым багаццем і разнастайнасцю вылучаюцца стылістычныя фігуры (паўторы, недасказы, інверсіі і інш). Усе фігуры літаратурнага сінтаксісу, знаходзячыся ў мастацкім кантэксце і актыўна ўзаемадзейнічаючы паміж сабой, узмацняюць эстэтычную выразнасць і эмацыянальнасць выказвання, пазбаўляюць мову мастацкай літаратуры аднастайнасці, надаюць ёй стылістычную выразнасць, а ў канчатковым выніку - дапамагаюць выявіць вобразную думку пісьменніка, перадаць яго душэўнае хваляванне. Зрэшты, толькі літаратурны кантэкст можа паказаць выяўленчую ролю, якую адыгрываюць у творы тыя ці іншыя рытарычныя або стылістычныя фігуры, што ўваходзяць у сістэму літаратурнага сінтаксісу. Аднак літаратурны сінтаксіс не абмяжоўваецца толькі своеасаблівымі фігурамі. Вядомы даследчык сінтаксічнага ладу вершаваных твораў А. Пушкіна М. Паспелаў слушна падкрэсліваў, што "сінтаксічная адметнасць вершаванага маўлення і большая сінтаксічная складанасць у параўнанні з празаічным маўленнем выяўляецца не толькі ў паўторах, анафарах і паралелізме, але і ў большай цеснаце сінтаксічных сувязей унутры вершаваных радкоў, у большай расчлененасці складаных сінтаксічных цэласнасцей самой паслядоўнасцю вершаваных радкоў, у шырокім выкарыстанні далучальных канструкцый, у большай свабодзе словаразмяшчэння, у асобай сінтаксічнай ролі вершаваных пераносаў (eniambements), што абумоўлівае большую спаянасць складаных сінтаксічных цэласнасцей у вершаваным маўленні".
   Ад літаратурнага сінтаксісу у вырашальнай ступені залежыць характар інтанацыйнага ладу твора, граматычным выражэннем якога, па сутнасці, ён і з'яўляецца.