Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Сінонімы

   Сінонімы (грэч. synonymos — аднайменны) — словы, розныя па гучанні, але аднолькавыя ці блізкія па значэнні.
   Сінанімічныя словы розняцца адценнем значэння ці стылістычнай афарбоўкай або тым і другім адначасова. Дзякуючы сінонімам аўтары пазбягаюць лексічных паўтораў, моўнай аднастайнасці, перадаюць неабходнае сэнсавае адценне, інтанацыю.
   Так, Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч у вершаванай аповесці «Быліцы, расказы Навума» (песня 2) ужывае такія сінонімы да слова плакаць: ліць слёзы, заліцца слязамі, раўці ўголас, рыдаць крывавай слязою, галасіць, даць волю слязам, церці вочы.
   Стылістычныя сінонімы, якія заключаюць у сабе ацэнку і эмацыянальную афарбоўку пэўнай з’явы, дарэчы выкарыстоўваюцца ў вершы М. Лужаніна «Рух таварных цягнікоў»:

Поруч з бегам святла

і, гарачы, як чутка,

ўдарыць вочы

    кур’ерскі

            і знікне, як зніч.

Бліскавіцаю шкла

праімчыць

заклапочаны хуткі,

пратуркоча паштовы,

прасыпле

вясёлы транзіт.


   Прыклады аднолькавых па значэнні сінонімаў, якія выконваюць сваю стылістычную ролю — пазбаўляюць паэтычную мову аднастайнасці:

 

Шпаркі крок, быстры почырк,
хуткі думак палёт:
у дзяржаве рабочых
будзе вольны народ!
(В. Жуковіч. «Пярэдадзень»)


   Багацце сінанімікі беларускай мовы часткова адлюстравана ў «Слоўніку сінонімаў і блізказначных слоў» М. К. Клышкі (Мн., 1976).