Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце

Набыць беларускія кнігі можна на сайтах prastora.by і knihi.by



Сюррэалізм

   Сюррэалізм (ад франц. surréalisme – звышрэалізм альбо надрэалізм) – плынь у літаратуры і мастацтве, якая аформілася ў пачатку 1920-х гг. у Францыі, а затым хутка распаўсюдзілася па многіх краінах еўрапейскага кантынента, а таксама за яго межамі, у прыватнасці, у ЗША, Мексіцы, Японіі і г. д.
   Вытокі сюррэалізму, па сведчанню яго стваральнікаў, бяруць свой пачатак яшчэ ў рамантызме, але асабліва цеснай была яго сувязь з сімвалізмам. Імкненне сімвалістаў стварыць сваю рэальнасць, іх пошукі свету ідэальнага, незямнога з дапамогай намёкаў, сімвалаў – усё гэта было блізкім новай плыні. Эксперыменты сімвалістаў у галіне мовы, іх спробы зрабіць слова нейкім знакам, што намякае на схаваную тайну, адарваць слова ад кантэксту – гэтыя і многія іншыя прыёмы будуць падхоплены і развіты сюррэалістамі. У той жа час рэальнасць у сюррэалістаў носіць адкрыта натуралістычны характар. Інтуітывізм і натуралізм у сюррэалістаў спалучыліся самым фантастычным чынам, імкнучыся падняцца і над матэрыялізмам, і над ідэалізмам.
   Сам тэрмін «сюррэалізм» быў вынайдзены Г. Апалінэрам (прадмова да п’есы «Грудзі Тэрэсія», 1917), які тлумачыў яго як «вяртанне да прыроды». Тэарэтычна ж абгрунтаваў сюррэалізм прызнаны кіраўнік гэтай плыні – французскі паэт, празаік і псіхіятр А. Брэтон, былы дадаіст, які ў 1924 г. апублікаваў працу «Першы маніфест». Прычым у само паняцце «сюррэалізм» А. Брэтон і яго аднадумцы (П. Элюар, Р. Дэснос, П. Рэвердзі, С. Перс, Ж. Както, Ф. Супо, Р. Вітрак, А. Арто і інш.) пачалі ўкладваць іншы сэнс у параўнанні з тым, што меў на ўвазе стваральнік тэрміна Г. Апалінэр (дарэчы, родзіч беларускага пісьменніка Каруся Каганца).
   Сферай мастацтва для сюррэалістаў стала ў першую чаргу тое, што знаходзіцца па-за кантролем розуму. Яны арыентаваліся на выяўленне падсвядомасці, паталагічных адхіленняў псіхікі, кашмарных сноў, назойлівых прывідаў, выпадковых і фантастычных асацыяцый, спалучэнне трагічнага з агідным, нізкім і смешным. У літаратуры (галоўным чынам у паэзіі) для сюррэалізму з’яўляецца характэрным «аўтаматычнае пісьмо» (запіс слоў, вобразаў і фрагментаў маўлення, якія ўзніклі ў выніку спантанных асацыяцый), адказ ад фабулы, лагічнага сюжэту, традыцыйных выяўленчых сродкаў, рыфмы, рытмікі і метра; у кінематографе і тэатральным мастацтве – выяўленне абсурднасці быцця ў гратэскавых формах, падкрэсленая рэчавасць асобных сцэн і кадраў, матэрыялізацыя метафар і гіпербал, татальнае абсмейванне грамадскага жыцця; у выяўленчым мастацтве – арыентацыя на калаж, імітацыя першабытнай творчасці, наўмыснае злучэнне метафарычнасці з элементамі натуралізму, спалучэнне рэальных, але лагічна несумяшчальных з’яў і аб’ектаў прыроды і грамадскага жыцця.
   Сюррэалізм меў сваю базу ў філасофскіх тэорыях. Так, у прыватнасці, вялікі ўплыў на яго фарміраванне аказалі філосафы А. Шапэнгауэр і А. Бергсан, якія лічылі неабходным спалучэнне ў мастацтве элементаў рэальнасці і алагічнай фантастыкі, а ў творчым акце велізарную ролю адводзілі інтуітыўнаму. Акрамя таго, адчувальным было ўздзеянне на сюррэалістаў аўстрыйскага філосафа і псіхіятра З. Фрэйда з яго тэорыяй і метадам псіхааналізу. А. Брэтон, сам урач-неўрапатолаг, пазнаёміўся з вучэннем З. Фрэйда ў час першай сусветнай вайны і карыстаўся яго метадамі лячэння, а пазней з З. Фрэйдам перапісваўся. У вучэнні З. Фрэйда сюррэалістам імпанавалі ўвага да падсвядомасці, канстатацыя адсутнасці прынцыповай розніцы паміж псіхічнай нормай і паталогіяй  <...>, імкненне вытлумачыць паводзіны і ўчынкі людзей як спецыфічны працяг падзей, увасобленых у сне, і інш..
   Літаратурны сюррэалізм – гэта толькі частка агульнага мастацкага сюррэалізму. Не намнога слабей (а, магчыма, яшчэ і мацней) сюррэалізм выявіўся і ў жывапісе. Аб гэтым сведчыць творчасць шэрагу буйных мастакоў ХХ ст., і ў першую чаргу С. Далі, які, дарэчы, даволі часта любіў паўтараць, што сюррэалізм – гэта не толькі яго карціны, але і ён сам.
   У канцы 1930-х – пачатку 1940-х гг. цэнтр сюррэалізму перамясціўся ў ЗША, куды ў сувязі з вайной у Еўропе эмігравалі А. Брэтон, І. Тангі, С. Далі і інш. мастакі. Спробы поўнасцю адрадзіць пасля заканчэння вайны сюррэалізм у Францыі былі малапаспяховымі. Тым не меней дадзены метад праіснаваў аж да самага пачатку 1960-х гг. і аказаў уплыў на такія плыні ў еўрапейскім і сусветным мастацтве сярэдзіны – другой паловы ХХ ст., як абстракцыянізм, поп-арт, «новы раман», тэатр абсурду і інш.