Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце

Набыць беларускія кнігі можна на сайтах prastora.by і knihi.by



Стыль пісьменніка

   Стыль пісьменніка (ад гр. stilos - грыфель для пісання) — ідэйна-мастацкая своеасаблівасць творчасці пісьменніка.
   З'яўляючыся канкрэтным увасабленнем адзінства зместу і формы, выяўляецца ў тым, пра што (ідэі, праблемы, матывы, пафас) і як (гл. паэтыка) піша пісьменнік.
   Залежыць ад тыпу творчасці, метаду і напрамку літаратурнага, да якіх належыць аўтар, ад яго светапогляду, творчага вопыту, агульнай культуры, мастацкіх схільнасцяў. Так, стыль Янкі Купалы мы вызначаем як рамантычны, у той час як Якуба Коласа -рэалістычны. Аднак гэта - самае агульнае вызначэнне. Толькі канкрэтны аналіз можа паказаць, што характэрна для стылю таго ці іншага пісьменніка, чым адзін пісьменнік адрозніваецца ад другога (Іван Мележ ад Васіля Быкава, Максім Танк ад Пімена Панчанкі, Аляксей Дудараў ад Андрэя Макаёнка і г. д.).
   Часам стыль пісьменніка разумеюць вельмі вузка - толькі як выяўленчую сістэму пісьменніка, гэта значыць паэтыку. Здараецца, што гэтым тэрмінам абазначаюць ідэйны змест творчасці таго ці іншага пісьменніка. У той жа час стыль пісьменніка - гэта вобразны змест ці, інакш, змястоўная вобразнасць. Пісьменнікі, блізкія сваім стылем, у межах аднаго метаду ці напрамку літаратурнага могуць ствараць стылёвую плынь. Вядучымі стылеўтваральнымі фактарамі ў дадзеным выпадку становяцца кампаненты зместу або формы ці тыя і другія разам. Напрыклад, у рэалізме акрэсліваюцца такія стылёвыя плыні, як псіхалагічны рэалізм. неарэалізм.
   Асацыятыўна-метафарычная, канкрэтна-аналітычная, "ціхая", "гучная" паэзія - гэтыя і іншыя ўмоўныя тэрміны, што сустракаюцца ў крытычных працах, выкліканы да жыцця спробай акрэсліць стылёвыя плыні сучаснай паэзіі.