Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце

Набыць беларускія кнігі можна на сайтах prastora.by і knihi.by



Страфа

   Страфа (гр. strophe - зварот, змена) — рытміка-сінтаксічная еднасць двух ці больш вершаваных радкоў, змацаваная агульнай для іх рыфмоўкай або клаўзацыяй. Аднолькавасць рыфмоўкі або клаўзацыі (размяшчэнне ў строфах рыфмаў або клаўзул) - важны, але толькі знешні элемент страфічнага комплексу.
   Асноўнае ў страфе - гэта рытмічная цэласнасць, якая прадвызначае аднароднасць рытмічнага малюнку ў межах аналагічных строфаў, а таксама еднасць інтанацыйна-сінтаксічная, дзякуючы якой строфы набываюць адносную змястоўную завершанасць і самастойнасць, выразна аддзяляюцца адна ад адной міжстрофнымі паўзамі, я на пісьме яшчэ - і графічна (прабеламі).
   Самыя розныя спалучэнні ў строфах метрычнай, рытмічнай, інтанацыйна-сінтаксічнай будовы радкоў і рыфмоўка даюць у рукі паэта велізарныя магчымасці страфічнай арганізацыі верша. Адно толькі рознае размяшчэнне ў строфах вершаваных радкоў пэўных памераў і выкарыстанне разнастайнай рыфмоўкі дазволілі Максіму Багдановічу стварыць 93 віды строфаў.
   Страфічнасць надае вершу кампазіцыйную завершанасць, дапамагае лепш раскрыць яго ўнутраны змест. Характар страфы залежыць ад ідэйнай задумы, намераў аўтара, яго схільнасцяў, творчай культуры, а таксама канкрэтнага зместу і жанру твора. У лірычных вершах і паэмах звычайна сустракаюцца простыя строфы з двух, трох, чатырох і пяці радкоў, у той час як у эпічных паэмах, вершаваных аповесцях і раманах, што вызначаюцца ўскладнёнай архітэктанічнай будовай, — складаныя, у аснове якіх ляжаць тыя ці іншыя камбінацыі строфаў простых.
   Звычайна аднолькавыя рыфмы застаюцца ў межах адной страфы, аднак у некаторых класічных відах страфы яны своеасаблівым ланцужком спалучаюць усе строфы, паступова пераходзячы ад адной страфы да другой (напрыклад, у тэрцынах).
   Наяўнасць пэўных відаў страфы у паэзіі залежыць ад багацця нацыянальных літаратурных традыцый, сувязей роднай літаратуры з літаратурамі іншых народаў. Адны строфы паступова відазмяняюцца, нават адміраюць, другія выходзяць за нацыянальныя паэтычныя межы, становяцца набыткам сусветнай літаратуры.
   Першыя беларускія вершы Францыска Скарыны былі напісаны двухрадковай страфой (змешчаны ў прадмове да кнігі "Ісход', 1517). Самая пашыраная страфа беларускай паэзіі - чатырохрадкоўе (катрэн) з рыфмоўкай перакрыжаванай (абаб), сумежнай (аабб) і апаясной (абба). Апрача чатырох- і двухрадковых (двухрадкоўе) строфаў, якімі напісана пераважная большасць беларускіх вершаў, у нашай паэзіі ўжываюцца наступныя строфы: трохрадкоўе, або тэрцэт ("...Я не лічыў бы салдатам сябе" Максіма Танка), пяцірадкоўе, або квінціла ("Смешная геральдыка" М. Лужаніна), шасцірадкоўе. або секстэт ("Бондар" Петруся Броўкі), сямірадкоўе, або септыма ("У грымотах ашалелых веку" Васіля Зуёнка, вялікі цыкл сямірадкоўяў Ніла Гілевіча), васьмірадкоўе. або актэт ("Тры мовы" С. Ліхадзіеўскага), дзевяцірадкоўе, або нона ("Панская ласка" Якуба Коласа) і дзесяцірадкоўе, або дэцыма ("Палессе" Якуба Коласа). Большыя па аб'ёму строфы сустракаюцца рэдка. У беларускай паэзіі вядомыя яшчэ арыгінальныя дванаццацірадкоўе (Якуб Колас, "Рыбаковая хата"; Максім Танк, "Журавінавы цвет") і шаснаццацірадкоўе (Аркадзь Куляшоў, "Маналог", "Цунамі").
   Наша паэзія асвоіла многія складаныя віды строфаў, што прыйшлі да нас з іншых літаратур, у тым ліку анегінскую страфу з 14-і радкоў (праз пераклады "Евгения Онегина" А. Пушкіна) і так званыя цвёрдыя формы верша (санет, трыялет, рандо, актава, туюг, секстына і інш.). У пасляваенныя гады ў беларускай паэзіі з'явіліся такія рэдкія формы страфічнай арганізацыі верша, як вянок санетаў, віланэль ("Дзень развітання" С. Панізніка), газэль ("Кактэбельская газель" С. Ліхадзіеўскага), гашма ("На ўсе вякі" С. Панізніка), рытурнель ("Рытурнель" Эдуарда Акуліна) і некаторыя іншыя.
   У паэзіі выразна пераважаюць вершы, напісаныя аднолькавымі строфамі (раўнастрофны верш). Аднак пэўная частка вершаў не дзеліцца ня паасобныя строфы, складаецца, па сутнасці, з адной страфы або некалькі страфоідаў - асобных радковых груп, завершаных па думцы і свайму інтанацыйна-сінтаксічнаму малюнку. Падчас у вершаваным творы адны строфы змяняюцца другімі без пэўных заканамернасцяў (разнастрофны верш) або ў ім строфы зусім адсутнічаюць (астрафічны верш).
   Строфы звычайна не прывязваюцца жорстка да таго ці іншага памеру або паэтычнага жанру, яны - агульны набытак усёй нацыянальнай вершатворчасці.
   Сярод беларускіх паэтаў асаблівым багаццем страфічнай арганізацыі верша вызначаюцца Янка Купала, Якуб Колас, Максім Багдановіч, Максім Танк, Рыгор Барадулін, Янка Сіпакоў, Ніл Гілевіч і інш.
   Раздзел вершазнаўства, які вывучае розныя віды строфаў, што існуюць у асобнага паэта, нацыянальнай паэзіі ці сусветнай паэзіі ўвогуле, называецца строфікай.