Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце

Набыць беларускія кнігі можна на сайтах prastora.by і knihi.by



Стракаты верш

   Стракаты верш — верш, напісаны на дзвюх ці больш мовах.
   У адрозненне ад макаранічнага верша, у якім словы з розных моў знаходзяцца побач, у адным вершаваным радку, стракаты верш характарызуецца пэўнай сістэмнасцю ва ўжыванні разнамоўнай лексікі. Так, у сярэдневяковых беларускіх інтэрмедыях паны, багі і чэрці звычайна гаварылі па-польску, а сяляне — па-беларуску. У асобных двухмоўных творах Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча (напрыклад, у «Ідыліі») таксама існавала моўнае размежаванне паміж прадстаўнікамі пануючых класаў, з аднаго боку, і працоўных — з другога (мова першых — польская, другіх — беларуская).
   У стракатым вершы ўжыванне той ці іншай мовы строга вытрымана ў межах пэўных частак ці асобных строфаў твора. Так, у вершы П. Бузука «Як хазяін, чи гість, я не знаю» (1928) першыя восем і апошнія дванаццаць радкоў напісаны па-ўкраінску, сярэднія семнаццаць — па-беларуску. Не толькі зместам, але і самой формай верша «...Дзве мовы у мяне» В. Тарас выявіў арганічную блізкасць для яго дзвюх моўных стыхій — беларускай і рускай. Вось пачатак гэтага верша:

Дзве мовы у мяне.
Абедзве — чараўніцы.
Как в двух родных сестер,
в обеих я влюблен.
Дзве мовы у мяне —
как два крыла у птицы,
дзве мовы у мяне —
как свет из двух окон.


   Ва ўмовах усходнеславянскай моўнай і культурнай блізкасці магчыма існаванне стракатых вершаў, напісаных адначасова на трох мовах: беларускай, рускай і ўкраінскай.
   Відам стракатага верша з’яўляецца т. зв. перыстая газэль — разнавіднасць газэлі, што пішацца на дзвюх (персідскай і арабскай) або на трох (яшчэ і турэцкай) мовах.