Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Слоўнік

   Слоўнік — даведачнае выданне, у якім у алфавітным парадку зафіксаваны і растлумачаны значэнні пэўных слоў.
   Для пісьменніка і літаратуразнаўца значную цікавасць маюць энцыклапедыі, а таксама універсальныя слоўнікі тыпу "Тлумачальнага слоўніка беларускай мовы" (т. 1-5, 1977-1984), у якіх фіксуецца з найбольшай паўнатой і тлумачыцца лексіка той ці іншай мовы. Разам з тым нярэдка даводзіцца звяртацца і да спецыялізаваных слоўнікаў, такіх як "Гістарычны слоўнік беларускай мовы" (Вып. 1-21..., 1982-2002; выданне працягваецца), "Этымалагічны слоўнік беларускай мовы" (т. 1-8..., 1978-1993; выданне працягваецца), "Слоўнік беларускіх народных гаворак паўночна-заходняй Беларусі і яе пагранічча" (т. 1-5, 1979-1986), "Тураўскі слоўнік" (т. 1-5, 1982-1987), "Слоўнік іншамоўных слоў" (т. 1-2, 1999) А. Булыкі і інш. Сярод такіх слоўнікаў вялікую дапамогу як пісьменніку, так і даследчыку літаратуры аказваюць выданні, у якіх адлюстроўваецца эстэтычная сістэма мовы: "Крылатыя словы і афарызмы" (1960) і "Беларускія народныя параўнанні" (1973) Ф. Янкоўскага, "Беларуская перыфраза" (1974) Г. Малажай, "Асацыятыўны слоўнік беларускай мовы" (1981) А. Цітовай, "Слоўнік эпітэтаў беларускай літаратурнай мовы" (1988) М. Пазнякова, "Слоўнік эпітэтаў беларускай мовы" (1998) Н. Гаўрош, "Фразеалагічны слоўнік беларускай мовы" (т. 1-2, 1993) І. Лепешава, слоўнікі рыфмаў і інш.
Існуюць спецыяльныя слоўнікі мовы пісьменніка, у якіх фіксуецца ўся лексіка буйнейшага прадстаўніка нацыянальнай літаратуры ці пэўная частка яе. Так, выдадзены слоўнік мовы А. Пушкіна, Адама Міцкевіча, Тараса Шаўчэнкі і інш.
   У Беларусі выйшлі "Слоўнік мовы Скарыны" (т. 1-3, 1977-1994) У. Анічэнкі, "Анамастычны слоўнік твораў Якуба Коласа" (1990), пачаў выходзіць васьмітомны "Слоўнік мовы Янкі Купалы" (т. 1-4, 1997—2002; пад рэд. У. Анічэнкі). Большасць пісьменніцкіх псеўданімаў раскрываецца ў "Слоўніку беларускіх псеўданімаў і крыптанімаў" (XVІ-XX стст.)" (1983) Я. Саламевіча. Біяграфіі і бібліяграфія публікацый беларускіх літаратараў увайшлі ў капітальны біябібліяграфічны слоўнік "Беларускія пісьменнікі" (т. 1-6, 1992-1995; пад рэдакцыяй А. Мальдзіса).
   Што да літаратуразнаўчых паняццяў, то яны вытлумачваюцца ў спецыяльных слоўніка літаратуразнаўчых тэрмінаў. Такія слоўнікі існуюць у кожнай развітай тэорыі літаратуры, у тым ліку ў беларускай, і адлюстроўваюць багацце нацыянальнай і інтэрнацыянальнай літаратуразнаўчай тэрміналогіі (гл. тэрмін літаратуразнаўчы).

Похожие статьи:

Пераказы, дыктантыЭнцыклапедычныя і лінгвістычныя слоўнікі

Пераказы, дыктантыБеларуска-рускі слоўнік