Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце

Набыць беларускія кнігі можна на сайтах prastora.by і knihi.by



Секстына лірычная

   Секстына лірычная — страфічная арганізацыя лірычнага верша з шасці секстын.
   Узнікла ў сярэдневяковай правансальскай паэзіі, затым перайшла ў іншыя еўрапейскія літаратуры. Своеасаблівасцю секстыны лірычнай з’яўляецца тое, што ва ўсіх яе 36 радках рыфмуюцца адны і тыя ж словы. Прычым існуе пэўная ўпарадкаванасць у гэтай рыфмоўцы: апошняе слова-рыфма кожнай папярэдняй страфы распачынае сабой рыфмоўку кожнай наступнай страфы. Часамі першы вершаваны радок першай секстыны (без слова, якое рыфмуецца, і ў некалькі змененым выглядзе) пачаргова з’яўляецца на другім, трэцім і г. д. месцы ўсіх наступных пяці строфаў і затым замыкае ўвесь твор.
   Секстыны лірычныя пісалі рускія паэты Л. Мей, В. Брусаў, М. Кузмін, І. Севяранін.
   У беларускай паэзіі першую спробу напісаць секстыну лірычную зрабіў Р. Суніца («На сконе дзён», 1930).
   Ёсць секстыны лірычныя ў Рыгора Крушыны («Секстына»). Вось секстына лірычная з кодаю «Чалавек», якую напісаў у 1957 г. М. Кавыль:

 

Пылінка вечнасці ты, чалавек,
Вянок тварэння усямоцнай сілы;
Спыняеш бег грымотны горных рэк,
А сам сябе не ўпыніш да магілы;
П’янееш з славы, пераносіш здзек,
Шукаеш праўды, шчасця з веку ў век.

У той далёкі дакаменны век
Зубамі грызся з зверам чалавек,
Любіў раздолле, ненавідзеў здзек;
Над ім стыхіяў бушавалі сілы...
Вяшчаюць шмат што курганы, магілы,
Раскопаныя на ўзбярэжжы рэк.

Па хвалях мора, паўнаводных рэк
Байдаркай, стругам у навейшы век
Туды, дзе вее холадам магілы,
Дзе джунгляў вусціш, пнуўся чалавек,
Тубыльцаў вольных перавагай сілы
Ў няволю браў, чыніў над імі здзек.

Прыроды дзеці, вам на здзіў і здзек
Бетон і сталь скавалі грудзі рэк,
Трыножыць розум незямныя сілы;
Дарос да сотні чалавечы век,
І ён, правобраз Боскі, чалавек
Ляціць на высціг з гукам да магілы.

Ляці да сонца — не мінеш магілы.
За што, Тварэц, такі над сынам здзек?
Гарылы брат вышэйшы, чалавек
На Марсе сочыць скрыжаванні рэк,
Махнуў крылом у атамовы век,
На штурм вышынь маланкі ловіць сілы.

Сышлі на землю процьмы чорнай сілы,
Разносіць вецер цяжкі дух магілы,
Імкне жыццё у дапатопны век;
Пакутнік славіць катаванні, здзек,
І кроў людзей дыміць на хвалях рэк,
Сячэ галовы страшны чалавек.

Прадоння жах, і кроў, і здзек не век.
Магілы ўстануць, лопнуць жылы рэк...
О, джвагнуць сілы неба, чалавек!