Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце

Набыць беларускія кнігі можна на сайтах prastora.by і knihi.by



Санет

   Санет (італ. sonette, ад sonare- гучаць, звінець) — від страфы, якая складаецца з чатырнаццаці радкоў пяці-, радзей шасці- ці нават чатырохстопнага ямба. Аб'ядноўвае два чатырохрадкоўі і два трохрадкоўі. Дзве рыфмы арганізуюць катрэны (абба абба ці абаб абаб), тры рыфмы тэрцэтаў размяшчаюцца ў залежнасці ад характару папярэдняй рыфмоўкі у італьянскім санеце: вгв гвг ці вгд вгд, у французскім санеце: вв гддг ці вггв дд.
   У санеце кампазіцыйная будова цесна звязана са зместам. У катрэнах назіраецца развіццё тэмы, у тэрцэтах - кульмінацыя і развязка. Як адзначыў Максім Багдановіч, у першых васьмі радках "развіваецца тэма санета, а ў астатнім - заключэнне да яе; ставіцца пытанне і даецца адказ; малюецца абразок і даецца паясненне да яго". Асаблівая нагрузка падае на апошні тэрцэт, нават на апошні радок тэрцэта, які па думцы і вобразнасці павінен быць самым моцным у санеце (санетны замок). Больш таго, па законах класічнага санета апошняе слова ў санеце павінна быць своеасаблівым сэнсавым "ключом" твора. У той жа час ніводнае слова, выключаючы хіба дапаможныя, не павінна ў ім паўтарацца (прыклад глядзіце у артыкуле цвёрдыя формы верша).
   Санет узнік у Італіі (XІІІ ст.), потым пашырыўся ў іспанскай, партугальскай, французскай, англійскай і іншых літаратурах. Паступова рассоўваліся тэматычныя і жанравыя рамкі. Напачатку санет быў прыналежнасцю выключна інтымнай лірыкі. У Шэкспіра напоўніўся філасофскім роздумам. Калі ж Франко стварыў свае "вольныя" і "турэмныя" санеты, якія-небудзь тэматычныя абмежаванні для гэтай формы верша перасталі існаваць. З часам паэты ўразнастайвалі і саму форму санета. Шэкспір, напрыклад, пісаў санеты у форме трох чатырохрадкоўяў і аднаго заключнага двухрадкоўя (абаб вгвг деде жж).
   У санет прыходзіў акцэнтны верш, у ім знікала роўнастопнасць чацвёртага радка кожнага катрэна (храмы санет), прысутнічала толькі дзве рыфмы на ўвесь санет (суцэльны санет) або іх зусім не было (белы санет), катрэны і тэрцэты мяняліся месцамі (перавернуты санет), не ставала аднаго катрэна (безгаловы санет) або катрэна і тэрцэта адначасова (напаўсанет), колькасць тэрцэтаў даходзіла да трох ці нават чатырох (хвастаты санет) і інш.
   У наш час, дарэчы, узоры многіх такіх форм санета даў украінскі паэт С. Крыжаніўскі. Аднак гэтыя "ўдасканальванні" санета не выйшлі за межы эксперыментаў, прыжыўся, бадай, толькі санет шэкспіраўскага тыпу.
   У гісторыю літаратуры Беларусі санет упершыню ўвайшоў у 1610 г., калі Мялецій Сматрыцкі змясціў у сваім славутым "Фрынасе" ўласны пераклад аднаго з санетаў Петраркі на лацінскую і польскую мовы.
   У XІX ст. з'яўляюцца перакладныя санеты (напрыклад, перакладзены Аляксандрам Ельскім санет Адама Міцкевіча "У буру").
   Першыя арыгінальныя санеты на беларускай мове апублікаваў Янка Купала ("Жніво", "Па межах родных і разорах", "Запушчаны палац", 1910; да гэтага, у 1906 г., паэт напісаў сем санетаў на польскай мове; усяго ж на рахунку Янкі Купала 22 санеты). Услед за ім у 1911 г. да санета звярнуўся Максім Багдановіч ("...Паміж пяскоў Егіпецкай зямлі", "...Замёрзла ноччу шпаркая крыніца", "...Прынадна вочы ззяюць да мяне" і іншыя), паэт пераклаў на беларускую мову некаторыя С. Верлена ("Шынок", "Маладосць"), Арвера ("...Я тайну ў глыбіні душы хаваю"), даследваў гэтую вершаваную форму як літаратуразнавец (гісторыка-тэарэтычны нарыс "Санет").
   Да санета даволі часта звярталіся і звяртаюцца розныя беларускія паэты. Вядомы санеты Якуба Коласа (санетны трыпціх "Наперад!"), Змітрака Бядулі ("...Тут неба - даль бязбрэжная як,мора"), П. Труса ("Над кубкам возера"), Уладзіміра Жылкі ("Меч", "Каханне", "Хараство"), Уладзіміра Дубоўкі ("Прамерыць гоні шмат разоў араты", "Ля Мядзеля ёсць возера адно"). Санеты ёсць у К. Кірэенкі, Ніла Гілевіча, Сяргея Грахоўскага, Э. Валасевіча, Хв. Жычкі, М. Федзюковіча, С. Мінскевіча (цыкл "Менскія санеты") і інш. Некалькі дзесяткаў санетаў, у тым ліку сатырычных, стварыў А. Звонак.
   Значным здабыткам беларускага санетапісання з'явіліся "Санеты" Шэкспіра, выдадзеныя ў 1964 г. у перакладах У. Дубоўкі.
   Беларускія паэты вызначыліся ў архітэктанічнай арганізацыі буйных санетных структур, ад санетных дыпціхаў ("Белыя санеты" Хв. Жычкі), трыпціхаў ("Гуманізм" Алеся Салаўя, "Радзіма" Алеся Звонака), тэтрапціхаў ("Год" Рыгора Барадуліна) і да больш значных. Так, у А. Звонака сустракаюцца цыклы з 5 ("Сумленне веку", "Дзіва") і нават з 6 санетаў ("Святлісты дзень красавіка"). А ў беларускіх паэтаў замежжа М. Каваля ёсць так званая карона санетаў "Мярэжа" з 7 твораў, у А. Салаўя - цыклы з 23 ("Несмяротнасць") і нават з 25 санетаў ("На хуткіх крылах вольнага Пегаса").
   Адна з найбольш складаных і рэдкіх архітэктанічных структур - вянок санетаў. У ім паўтарэннем асобных радкоў усе 14 санетаў звязаны паміж сабою, я таксама з магістралам - пятнаццатым, заключным санетам, што складаецца з першых радкоў папярэдніх санетаў.

   І ўжо самая складаная, вышуканая архітэктанічная санетная структура - вянок вянкоў санетаў. Ён складаецца з 15 вянкоў санетаў; апошні, пятнаццаты, уключае ў сябе магістралы ўсіх папярэдніх. Першы беларускі вянок вянкоў санетаў "Апакаліпсіс душы" надрукаваў у 1992 г. З. Марозаў. У 1999 г. да яго далучыўся М. Віняцкі ("Загойвай боль, сінь яснавокай зоркі..."), з 2000 г. - С. Шах ("Адухаўленне", "Прысвячэнне", "Прызначэнне", "Спасціжэнне", "Увасабленне"). Наогул, у сусветнай літаратуры налічваецца сёння ўсяго некалькі твораў такой будовы.

 

 

   Санеты беларускіх паэтаў:

Янка Купала - Для зямлі прадзедаў маіх...

Максім Багдановіч - Замёрзла ноччу шпаркая крыніца...

Алесь Гарун - Жыццё

Змітрок Бядуля - У сонцы дзён, у зорнасці начэй...

Максім Танк - Заснула казка на акне маім астрожным...

Максім Танк - Антысанет

Янка Журба - Я помню сад у срэбраным уборы...

Язэп Пушча - Вясна

Язэп Пушча - Яшчэ ў юнацкія гады

Алесь Салавей - Санет

Леанід Галубовіч - Тварцам агню

Ніл Гілевіч - Асвенцім

Леанід Дранько-Майсюк - Ёсць нешта польскае ў табе – таемнасць тая...

Алесь Звонак - Хараство

Алесь Звонак - Гарбуз

Алесь Звонак - Мудрасць

Алесь Звонак - Час

Васіль Зуёнак - У люстэрку Свіцязі

Еўдакія Лось - Роднай мове

Еўдакія Лось - Санет

Янка Сіпакоў - Санет кахання

Міхась Стральцоў - Чаму так згадваем былое...