Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Рыфма

   Рыфма (ад гр. rhytmos - плаўнасць, суразмернасць) — паўтаральная сугучнасць асобных слоў ці іх частак на пэўных, адных і тых жа месцах у вершаваных радках.
   Усталяванасцю сваёй пазіцыі рыфма адрозніваецца ад іншых відаў гукавых паўтораў, што сустракаюцца ў вершы (гл. гукапіс літаратурны).
   Рыфма - з'ява гукавая, а не графічная. Таму, зусім зразумела, рыфмаю лучацца гукаспалучэнні тыпу круг - завірух, сад - мат і г. д. У старажытнай беларускай паэзіі (як, дарэчы, і ў іншых даўнаславянскіх) рыфма нярэдка ўтварала супадзенне апошніх складоў, незалежна ад месца націску ў іх (яго - бліжняго, праклятая - святая, рука - лука). Пазней галоўнай прыкметай рыфмы становіцца супадзенне націскных галосных і гукаў, што ідуць управа ад іх. У канцы ХІХ і асабліва ня пачатку ХХ стст. уся ўсходнеславянская рыфма значна "палявела": для яе важным стала супадзенне не паслянаціскных, а пераднаціскных гукаў. Пачалі ўжывацца шырока недакладныя рыфмы, у якіх супадалі толькі асобныя гукі. "Левізна" рыфмы -адна з асноўных прыкмет сучаснай усходнеславянскай, у тым ліку беларускай, рыфмы, хоць яе можна сустрэць яшчэ ў першай палове ХІХ ст. (напрыклад, у Пушкіна). Аслабленне сугучнасці паслянаціскных складоў прывяло да ўзмацнення гукавой сузалежнасці не толькі складоў пераднаціскных, але і асобных слоў, што стаяць у вершаваных радках злева ад слоў-рыфмаў (распыленая рыфма). У цэлым жа сучасны рыфмарый, або слоўнік рыфмаў, уключае самыя розныя віды рыфмы, што выпрацавала паэзія амаль за тысячу гадоў свайго рыфменнага развіцца.
   Рыфма як адзін з важнейшых элементаў паэтыкі верша вызначаецца некалькімі момантамі: характарам і ступенню сугучнасці, размяшчэннем у вершаваных радках (гл. рыфмоўка) і, нарэшце, сваёй функцыяй. Характар і ступень сугучнасці у словах-рыфмах залежыць ад націску, колькасці і якасці гукавых супадзенняў, дакладнасці гэтых супадзенняў, суадносін сугуччаў з сэнсава значнымі словамі. У зарыфмаваных словах абавязкова павінны супадаць націскныя галосныя. Гэтаму не супярэчыць адносна невялікая колькасць рознанаціскных рыфмаў (сваім - маладзюсенькім, скончыўся - памыўся).
   Па месцы націску рыфмы могуць быць з націскам на апошнім складзе (ураган - курган) – мужчынскія, на перадапошнім - жаночыя (печы - плечы), на трэцім ад канца - дактылічныя (долатам - волатам), на чацвёртым (і далей) ад канца - гіпердактылічныя (выпешчана - Віцебшчына).
   У залежнасці ад колькасці і якасці гукавых супадзенняў адрозніваюць рыфмы багатыя (у словах-рыфмах супадаюць многія гукі: хмарамі - ударамі), глыбокія (супадаюць не толькі націскныя і паслянаціскныя, але, прынамсі, і два пераднаціскныя гукі: асаку - пасяку) і бедныя (мужчынскія адкрытыя рыфмы, у якіх супадаюць толькі націскныя галосныя: сям'ю - п'ю).
   Што датычыць дакладнасці сугуччаў, то вылучаюць рыфмы дакладныя, або поўныя (супадаюць націскныя галосныя і ўсе наступныя гукі: нівы - шумлівы), а таксама цэлы шэраг недакладных (няпоўных. прыблізных). Сярод недакладных рыфмаў бываюць: асанансныя (супадаюць толькі зычныя гукі: вышый - вішань), апорныя, або каранёвыя (супадаюць гукі ў націскных - апорных - складах, пры несупадзенні гукаў паслянаціскных: надзея - сядзела), усечаныя (у канцы нейкага са слоў-рыфмаў не дастае для поўнага сугучча аднаго гука,- раса - сад), рознанаціскныя (у выразна сугучных словах націскі падаюць на розныя склады: радавалася - гадавалася), няроўнаскладовыя (словы, якія рыфмуюцца, пасля аднолькавых націскных складоў маюць розную колькасць галосных: няпроста - выроствалі), анаграмныя (у сугучных словах асобныя гукі і нават склады ідуць не ў аднолькавым парадку: слава - звала).
   Рыфмы, як правіла, спалучаюць сугуччамі два самастойныя словы. Часамі ж сугуччы ахопліваюць і больш слоў, утвараючы састаўныя рыфмы (панічы - па начы). Як супрацьлегласць гэтаму сустракаецца (праўда, вельмі рэдка, ды і то ў выглядзе эксперыменту) так званая ламаная рыфма, якая "разломвае", дзеліць словы ня часткі.
   Функцыі рыфмы у вершаваным творы розныя і вельмі важныя. Як паўтор сугуччаў, яна ўваходзіць у сістэму гукавой арганізацыі вершаванай мовы і мае, такім чынам, гукапіснае значэнне. Інструментоўка верша ў многім залежыць ад колькасці аднолькавых рыфмаў, багацця гукавых супадзенняў у іх, частаты іх размяшчэння ў вершарадах. Рыфма адыгрывае ў вершаваным творы і значную інтанацыйную ролю. У прыватнасці, яна садзейнічае (асабліва пры сінтаксічным пераносе) узнікненню лагічнага націску на слове, што стаіць у канцы радка і рыфмуецца з іншым словам верша. Дзякуючы рыфмам часам ствараецца эфект акцэнтна-інтанацыйнай незвычайнасці (рыфмы ламаныя, рознанаціскныя, састаўныя, няроўнаскладовыя).
   Велізарная роля належыць рыфме ў рытмічнай арганізацыі верша. Яна з'яўляецца своеасаблівым сігналам аб заканчэнні вершаванага радка - гэтай рытмічнай адзінкі верша, указвае на месца міжрадковай паўзы. Асабліва гэта важна для вольнага верша, паколькі ў ім рыфма з'яўляецца адзіным фіксатарам канца вершаванага радка. Рыфма уплывае на канкрэтны рытм верша, бо яна - не проста сугучнасць асобных слоў, а сугучнасць, звязаная з моўным націскам. Менавіта таму рыфмы мужчынскія і жаночыя, дактылічныя і гіпердактылічныя, рознанаціскныя, няроўнаскладовыя і састаўныя, ужытыя ў розных камбінацыях, надаюць творам, апрача ўсяго іншага, і своеасаблівы рытмічны малюнак.
   Рыфма выконвае таксама і кампазіцыйную функцыю. Яна не толькі разлучае вершаваныя радкі, але і спалучае іх у страфічныя комплексы, затым гэтыя комплексы аддзяляе адзін ад аднаго, уплываючы тым самым на архітэктоніку ўсяго твора.
   Унутраная рыфма, у адрозненне ад канцавой, звязвае не радкі, а паўрадкоўі, аднак адыгрывае тую ж рытмічную і кампазіцыйную ролю. Дарэчы, гэтым яна адрозніваецца ад многіх іншых унутраных сугуччаў, у якіх няма строга вызначанага месца ў вершаваных радках.
   Дзякуючы свайму месцу ў вершарадзе (канец радка, перад міжрадковай паўзай) рыфма падкрэслівае, інтанацыйна вылучае пэўныя словы-паняцці. Апрача таго, яна асацыятыўна звязвае асобныя разуменні, падкрэсліваючы іх семантычную блізкасць або, наадварот, аддаленасць. На гэтай уласцівасці рыфмы засноўваюцца, у прыватнасці, т. зв. тэматычныя рыфмы, якія дапамагаюць падкрэсліць найбольш важныя для ўсяго твора паняцці.
   Такім чынам, незвычайнасць рыфмы, арыгінальнасць і багацце сугуччаў, што яе ўтвараюць, — якасці, якія маюць прамое дачыненне да сэнсу вершаванага твора. Менавіта таму злоўжыванне банальнымі рыфмамі, навізна якіх сцёрлася ад частага ўжывання, рыфмамі выпадковымі, аднароднымі зніжаюць агульную моц усяго твора, робяць уражанне беднасці творчых магчымасцяў паэта. Гэтаксама залішняе захапленне рыфмамі рэдкімі (вышуканымі, экзатычнымі) ідзе толькі на шкоду твору.

   Акрамя ўжо названых функцый, рыфма выконвае яшчэ адну. Яна мае мнеманічнае значэнне - дапамагае хутчэйшаму, лепшаму запамінанню рыфмаваных твораў. Пра гэта сведчыць наступны факт: белы верш або празаічны тэкст завучыць на памяць значна цяжэй, чым верш рыфмаваны.
   Усе свае магчымасці рыфма раскрывае ў творы толькі ў цесным узаемадзеянні з іншымі кампанентамі мастацкай формы, служачы, разам з імі, выяўленню думак і пачуццяў вершатворцы.

Похожие статьи:

ККансанансная рыфма (кансананс)