Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце

Набыць беларускія кнігі можна на сайтах prastora.by і knihi.by



Рытурнэль

   Рытурнэль, або рытарнэль (франц. rіtournelle, ад італ. rіtornello — прыпеў), — від невялікага (звычайна з трох ці чатырох строфаў) верша, напісанага трохрадкоўямі.
   Своеасаблівасць рытурнэля ў тым, што тут рыфмуюцца толькі першыя і трэція радкі строфаў, другія застаюцца халастымі. Да таго ж першыя радкі вельмі кароткія — складаюцца, як правіла, з аднаго слова. У наступных радках тэрцэтаў развіваецца думка, закладзеная ў гэтых першых словах-радках.
   Узнік рытурнэль у італьянскай паэзіі. У рускай вершатворчасці сустракаецца толькі як эксперыментальны ўзор (верш. В. Брусава«Три символа»).
   Першы беларускі рытурнэль (чатырохстрофны) напісаў Алесь СалавейВітай», 1943). Затым да рытурнэля звярнуліся В. Вабішчэвіч («Рытурнель Бараці», «Вежы — войнаў сведкі»), Сяржук Сокалаў-Воюш («Запаветнае»), Эдуард АкулінРытурнэль», «Асенні рытурнэль») і інш. Вось трохстрофны рытурнэль С. Кавалёва:

Вочы
Полымем пякучым працінаюць цела,
Розум абуджаюць полымем прарочым.

Слова
Шмат яшчэ ў сабе хавае небяспекі,
Толькі вочы праўду кажуць іншай мовай.

Замець,
Сцюжы ўсталі паміж намі і каханнем.
Словы зніклі, вочы — захавала памяць.