Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце

Набыць беларускія кнігі можна на сайтах prastora.by і knihi.by



Рытмастваральныя кампаненты

   Рытмастваральныя кампаненты — сукупнасць моўных з’яў, што ўдзельнічаюць у стварэнні вершавага рытму. Характар і колькасць гэтых з’яў залежыць ад сістэмы вершавання, віду верша, творчай індывідуальнасці паэта.
   Так, галоўнымі рытмастваральнымі кампанентамі сілабічнага верша з’яўляюцца чаргаванне аднолькавай колькасці складоў у вершаваных радках, а таксама рыфмы, клаўзулы, цэзуры. Сілаба-танічны верш ведае мноства галоўных і дапаможных рытмастваральных кампанентаў, асобныя з якіх уласцівыя для сілабічнага і танічнага вершаў. Перш за ўсё рытм сілаба-танічнага верша ствараецца раўнамерным чаргаваннем у вершаваных радках: 1) націскных і ненаціскных складоў; 2) аднолькавай колькасці складоў; 3) аднолькавых стопаў (выключэнне — лагаэды); 4) аднолькавай колькасці стопаў (выключаючы вольныя вершы); 5) аднолькавай (прыблізна аднолькавай) колькасці націскных складоў; 6) аднолькавай (прыблізна аднолькавай) колькасці ненаціскных складоў; 7) аднатыпных клаўзул; 8) сугуччаў у канцы вершаваных радкоў (рыфма; за выключэннем белых вершаў); 9) аднатыпных строфаў (за выключэннем астрафічных і аднастрофных твораў); 10) міжрадковых і міжстрофных паўз.
   Дапаможныя рытмастваральныя кампаненты ў вершы не абавязковыя. Да такіх рытмастваральных кампанентаў адносяцца паўтарэнне адных і тых жа слоў, выразаў, радкоў, строфаў (рэфрэн, прыпеў), аднолькавых слоў на пачатку (анафара) ці ў канцы (эпіфара) вершаваных радкоў, пастаянных унутрырадковых паўз, аднатыпных сінтаксічных канструкцый, марфалагічных форм і г. д.
   Для выяўлення пэўнай думкі, падкрэслення асобных слоў і словазлучэнняў паэт звяртаецца і да іншых сродкаў рытмічнай выразнасці. На канкрэтны рытм вершаванага твора вялікі ўплыў аказваюць наяўнасць у ім пірыхіяў, спандэяў, пераакцэнтуацыі, міжрадковых пераносаў (анжамбеманаў) і інш.
   Як дапаможныя рытмастваральныя кампаненты успрымаюцца даволі частыя ў паэтычнай практыцы апошняга часу сцяжэнні або (радзей) расцяжэнні стопаў у сілаба-танічным ці танічным (дольнік) вершаванні, калі ў асобных стопах выпадаюць адзін ці два ненаціскныя склады або з’яўляецца «лішні» склад. Так, у наступным прыкладзе з верша Генадзя Бураўкіна «…...Патухаюць, цямнеюць высі» сцяжэнні прысутнічаюць у другіх (па парадку) стопах першага і чацвёртага радкоў і ў трэцяй — другога:

 

Гэта я з табой вечарую,
Туманамі цябе чарую.
Васількоў шапатліваю моваю
Зачароўваю, зачароўваю.


   Нярэдка сустракаюцца і сцяжэнне або расцяжэнне (радзей) вершарадоў, пры якіх вершаваны памер у асобных вершарадах спарадычна скарачаецца або павялічваецца на адну ці некалькі стопаў. Зразумела, гэта выклікана жаданнем паэта звярнуць увагу на пэўныя, рытмічна выдзеленыя, словы, а тым самым — і на думкі, эмоцыі, што гэтымі словамі выяўляюцца. Дадзеная рытмічная з’ява сваёй функцыяй нагадвае разбіўку вершарадоў на паўрадкоўі або асобныя радкі і запіс іх ці радок пад радком, ці «лесвіцай Маякоўскага», ці нейкім іншым спосабам. Вось прыклады сцяжэння вершарада — ажно да асобнага слова:

 

Жывучы на чужыне, быць можа, няслушна,
Недарэчна, але неадступна, хоць плач —
Набіваецца дзіўная песенька ў вушы,
Ўспамінаецца мне невялічкая птушка —
Драч.
(М. Лужанін. «Драч»)

Няма туды дарогі…...

Сон ірвецца…...

Каменнае, халоднае здранцвенне…...
І — мегатонным выбухам —

удар

Сэрца.
(Васіль Зуёнак. «Сон»)


   А вось прыклад расцяжэння вершарада:

Будзе песня звінець жаўруком, пралятаючы далеч,
да цябе даляціць — ты хоць раз сірату прытулі...
Цёплай, сейбіцкай жменяй мы шчыра жыццё раскідалі,
каб вясна расцвіла для людзей і на гэтай пакутнай зямлі.
(В. Таўлай. «Таварышу маёй вясны»)


   Часам сярод дапаможных рытмастваральных кампанентаў сустракаюцца і іншыя спосабы рытміка-лагічнага выдзялення слоў ці асобных выразаў — ажно да іх графічнага падкрэслення на пісьме (тлустым шрыфтом або курсівам). Так, у прыватнасці, паступаў Уладзімір Караткевіч:

 

«На Беларусі Бог жыве», —
Так кажа мой просты народ.
Тую праўду сцвярджае раса ў траве
І адвечны зор карагод.
(«На Беларусі Бог жыве»)

Абяцаюць нам новы раскошны дом,
Але тут нам жыць і канаць,
Тут пад кожным навекі здабытым бугром
Нашы продкі забітыя спяць.
(«…...Абяцаюць нам»)


   Аналізуючы паэтычныя творы, у кожным канкрэтным выпадку можна выявіць і іншыя рытмастваральныя кампаненты. Пры адносна невялікай колькасці відаў верша і вершаваных памераў менавіта яны разам узятыя ствараюць непаўторны рытм кожнага з твораў. У кожнага вершаванага твора свой рытм — свой твар. І іх так многа, што, як слушна падкрэсліваў В. Брусаў, «агульны лік магчымых у рускім вершы рытмаў павінен дасягаць дзесяткаў тысяч, можа, і звыш 100 000 рытмаў». Тое ж можна сказаць пра любы нацыянальны верш, у тым ліку і беларускі.