Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Пяціскладовік

   Пяціскладовік — акцэнтна-складовы верш з адным ці двума акцэнтамі. У беларускай паэзіі (Францішак Багушэвіч, Адам Гурыновіч, Янка Купала, Якуб Колас і інш.) з’явіўся пад уплывам творчасці рускага паэта ХІХ ст. А. Кальцова. Вось некалькі ўзораў такога верша:

 

Ох ты, бор, мой бор,
Бор сасновенькі,
Ты з каторых пор
Шуміш, родненькі.
(Адам Гурыновіч. «Бор»)

Дуб ты, дуб стары,
Сын вякоў сівых!
Многа бур ты знёс
На вяку сваім!
(Якуб Колас. «Дуб»)


   У выпадку, калі радкі верша складаюцца з аднаго самастойнага слова ці слова самастойнага і дапаможнага (злучніка, прыназоўніка, выклічніка), пяціскладовік можна інтэрпрэтавацца і як пяціскладовая стапа сілаба-танічнага верша з націскам на трэцім (часам — на першым ці пятым) складзе — пентон (ад грэч. pente — пяць), альбо анапест з дактылічнай клаўзулай. Напрыклад:

 

Усяночная
Велікодная
Непраглядная
Распасцёрлася
(Янка Купала. «Усяночная»)


   Генетычна пяціскладовік вядзе сваю радаслоўную з агульнаславянскага 10-складовіка. Сваю сувязь з апошнім ён захаваў да гэтага часу. Пра што, у прыватнасці, сведыць дзесяціскладовы верш "Дзяўчына" Ларысы Геніюш, у якім цэзура дзеліць кожны радок на два пентоны:

 

Не пакінула// ракі Нёмана,
Ні лясоў сваіх // з ціхім гоманам.
Сяла роднага, // краю мілага,
Каб быць паняю, // не пакінула.