Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Публіцыстыка

   Публіцыстыка (ад лац. publicus - грамадскі) - від літаратуры, які знаходзіцца ня памежжы навуковай (грамадска-палітычнай) і мастацкай прозы і аб'ядноўвае выказванні (вусныя і пісьмовыя) на актуальныя для пэўнага часу сацыяльна-палітычныя або грамадска-культурныя тэмы.
   Публіцысты зацікаўлена выказваюць уласны пункт погляду на тыя ці іншыя надзённыя праблемы, з павышанай эмацыянальнасцю звяртаюцца да сваіх сучаснікаў, каб пераканаць іх у праваце сваіх меркаванняў, шырока карыстаюцца магчымасцямі сінтаксісу літаратурнага, рытарычнымі фігурамі, тропікай (гл. троп).
   Адкрытае выяўленне асобаснага, суб'ектыўнага пачатку адрознівае публіцыстыку ад журналістыкі, галоўная мэта якой - аб'ектыўна паведамляць розныя звесткі, цікавыя для масавага чытача (слухача).
   У набліжаную да навуковай прозы публіцыстыку уваходзяць аратарскія выступы (у т. л. прамовы палітычных і дзяржаўных дзеячаў, казанні святароў), палітычныя трактаты, артыкулы, інтэрв'ю і г. д. Нарысы, эсэ, фельетоны, памфлеты, інвектывы адносяцца да публіцыстыкі мастацкай. Гэтыя дзве галіны публіцыстыкі цесна ўзаемадзейнічаюць паміж сабой, узаемадапаўняюць адна другую, уплываюць і на грамадскую думку ўвогуле, і на саму мастацкую літаратуру, прадвызначаючы яе вострую грамадзянскасць, тэндэнцыйнасць, наяўнасць у ёй асобных жанравых разнавіднасцей (палітычная сатыра, сацыяльная камедыя, публіцыстычная лірыка і інш.).
   Вытокі беларускай публіцыстыкі - у духоўнай літаратуры ("Словы" Кірылы Тураўскага, казанні, рэлігійна-палітычныя трактаты П. Скаргі, Іпація Пацея, Л. Карповіча, І. Кунцэвіча, Афанасія Філіповіча, І. Руцкага і інш.). Значны ўклад у яе станаўленне і развіццё ўнеслі Уладзіслаў Сыракомля, Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч, Францішак Багушэвіч, Кастусь Каліноўскі, Вацлаў Ластоўскі, Антон Луцкевіч, Максім Гарэцкі, Кузьма Чорны, Алесь Адамовіч і інш. Яскравыя ўзоры публіцыстыкі пакінуў Янка Купала. Вось адзін з прыкладаў: "Арліным узмахам агняцветнай думкі аб нашай волі мы скінулі і патапталі даўгавечную брахню, — брахню, што Беларусі не было і няма. Сваім векапомным і магутным духам народным, што адважна сягае на сонца, мы паказалі свету, што Беларусь была, ёсць і будзе. Хай Вас, браты беларусы, не палохае цяперашні бурны крывавы час. Агнём і жалезам куецца моц, гарт, доля і воля народная. Праміне віхор, затухнуць пажары, замрэ свіст меча, і настане светлы радасны дзень змучанага аграбленага нашага народу. Хай Вас не палохае, што рвуць нашу зямлю на часці, што хаты нашы спалосканы пажарам, што сяўбу нашу жне нехта іншы, — зямля, засеяная касцямі сыноў беларускіх, будзе вечна належыць да ўнукаў беларускіх; спаленую хату беларускі мазоль адбудуе, а сваю сяўбу ён сам будзе жаць. Хай толькі асвеціць Вас адна вялікая думка, — аддаць усё для сваёй Бацькаўшчыны, нават жыццё, калі яна Вас да гэтага пакліча" (З прамовы ня вечары, прысвечаным 15-годдзю літаратурнай працы, 1920).
   У сучаснай беларускай публіцыстыцы актыўна працуюць Ніл Гілевіч, В. Гроднікаў, А. Казловіч, У. Кулажанка, М. Шыманскі, В. Якавенка і інш., даследавалі яе Р. Булацкі, Б. Стральцоў, М. Цікоцкі, І. Сачанка, В. Іўчанка і інш.