Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце

Набыць беларускія кнігі можна на сайтах prastora.by і knihi.by



Псіхалагізм у літаратуры

   Псіхалагізм у літаратуры — скрупулёзнае, яскравае выяўленне пісьменнікам унутранага, душэўнага стану вобраза-персанажа.
   Упершыню праявы псіхалагізму ў літаратуры заўважаюцца яшчэ ў творах Антычнасці ("Дафніс і Хлоя" Лонга); у Сярэдневякоўі ён практычна не сустракаецца; на новай аснове пачынае ўзнікаць у эпоху Адраджэння ("Дэкамерон" Бакачыо, "Дон Кіхот" Сервантэса). З прыходам рэалізму ўзнікае яго вышэйшая форма — псіхалагічны аналітызм (Леў Талстой, Фёдар Дастаеўскі).
   Беларускія пісьменнікі-псіхааналітыкі (Кузьма Чорны, Васіль Быкаў і інш.) мастацкае даследаванне найтанчэйшых душэўных зрухаў персанажаў заўсёды звязваюць з паказам сацыяльна значных падзей.
   Псіхалагізм у літаратуры звычайна праяўляецца ў трох формах: унутранай (пры дапамозе ўнутранай мовы персанажаў, вобразаў памяці і ўяўлення), знешняй (праз мастацкія дэталі, псіхалагічную інтэрпрэтацыю паводзін і мовы персанажаў, іх міміку, жэсты), апісальна-аўтарскай (пераказ думак і пачуццяў персанажаў аўтарам). Вялікае значэнне пры гэтым маюць унутраныя маналогі, няўласна-простая мова, што можа выступаць у форме роздумаў-разваг. Як, напрыклад, у "Знаку бяды" Васіля Быкава: "Яна [Сцепаніда] не магла сядзець дома, карцела некуды ісці, пакуль ціха, нештя зрабіць, каб наблізіць той момант, калі на гасцінцы гахне. Калі рассыплецца гэты ненавісны мост. Хай тады ладзяць. Хай вяртаюць тую каманду, зганяюць людзей. Можа, пакуль збяруцца, міне нейкі час, зноў якіх са тры месяцы, настане зіма, а там нашы дадуць ім пад зад". У тым жа "Знаку бяды" нямала невербальных сродкаў псіхалагічнай характарыстыкі персанажаў. Гэта міміка, жэсты ("Пахаладзеўшы нутром, Пятрок глыбей уцягнуў галаву ў плечы", "Твар яго скрывіўся ад страху ці, можа, ад здзіўлення"); фізічны стан ("Сцепаніду аж трэсла, нібы ў ліхаманцы, целу стала нясцерпна горача, пот плыў па спіне"); голас ("... Яна задумана-спуджаным голасам крыкнула"); позірк (у Чарвякова "маўкліва-роздумны", у нямецкага афіцэра "ледзяны", у паліцая Гужа "бязлітасна-пільны", у Сцепаніды — у залежнасці ад абставін і душэўнага стану — "змутнелы", "злы", "вяўкавата-зласлівы", яна "стрымана зірнула", "гнеўна глядзела" і г. д.).
   Без дасканалай псіхалагічнай характарыстыкі нельга стварыць паўнацэнныя літаратурныя вобразы, паказаць мнагастайныя праявы чалавечага жыцця.