Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце

Набыць беларускія кнігі можна на сайтах prastora.by і knihi.by



Прэмія літаратурная

   Прэмія літаратурная — матэрыяльная і ганаровая (грамата, медаль, дыплом) узнагарода за выдатныя дасягненні ў галіне літаратурнай дзейнасці, устаноўленая дзяржавай ці асобнай арганізацыяй.
   Найбольш ганаровая літаратурная прэмія ў сучасным свеце — Нобелеўская прэмія (прысуджаецца ў Швецыі з 1901). У СССР найвышэйшымі літаратурнымі ўзнагародамі былі Ленінская прэмія (сярод лаўрэатаў — Пятрусь Броўка, Іван Мележ, Максім Танк, Васіль Быкаў) і Дзяржаўная прэмія СССР (былая Сталінская; з беларускіх пісьменнікаў яе атрымалі Янка Купала, Якуб Колас, Кандрат Крапіва, Аркадзь Куляшоў, Пятрусь Броўка, Максім Танк, Іван Шамякін, Янка Брыль, Васіль Быкаў, Пімен Панчанка, Аляксей Дудараў).
   У нашай краіне самыя прэстыжныя літаратурныя прэміі — Дзяржаўныя прэміі Беларусі, якія прысуджаюцца Урадам рэспублікі за выдатныя творы ў галіне паэзіі і драматургіі (імя Янкі Купалы), прозы і літаратуразнаўства (імя Якуба Коласа). Сярод лаўрэатаў Дзяржаўнай прэміі Беларусі — Алесь Адамовіч, Васіль Вітка, А. Грачанікаў, У. Калеснік, Уладзімір Караткевіч, Андрэй Макаёнак, Пятрусь Макаль, Янка Маўр, Іван Мележ, В. Палтаран, Ю. Пшыркоў, Барыс Сачанка, Я. Семяжон, Іван Чыгрынаў, А. Якімовіч і інш.
   Існуюць літаратурныя прэміі асобных устаноў і арганізацый (Саюза пісьменнікаў Беларусі, Саюза беларускіх пісьменнікаў, прафсаюзаў Беларусі, рэдакцый часопісаў і інш.). Адна з самых ганаровых прэмій апошняга часу - штогадовая прэмія Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь "За духоўнае адраджэнне", якая прысуджаецца і асобным пісьменнікам.