Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце

Набыць беларускія кнігі можна на сайтах prastora.by і knihi.by



Полістрафічнасць

   Полістрафічнасць — такая з’ява ў вершаваным творы, калі паслядоўна або адвольна чаргуюцца розныя строфы, графічна аддзеленыя адна ад другой.
   Да полістрафічных адносяцца разнастрофныя вершы, а таксама вершы раўнастрофныя з сіметрычным чаргаваннем двух ці больш відаў строфаў.
   Полістрафічнымі звычайна бываюць буйныя вершаваныя творы, кожная частка якіх падчас пішацца сваёй страфой. Так, у дзесяці раздзелах паэмы Янкі Купалы «Безназоўнае» ўжываюцца чатырохрадкоўі васьмі і шасцірадкоўі двух рыфмова-клаўзуальных схем. У паэме Максіма Танка «Нарач» сустракаюцца і чатырохрадкоўі самых розных мадыфікацый, і пяцірадкоўе, і астрафічны верш.
   Полістрафічнасць надае вершаванаму твору разнастайнасць формы, дапамагае лепш выявіць змены лірычнага перажывання паэта і яго герояў.