Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце

Набыць беларускія кнігі можна на сайтах prastora.by і knihi.by



Персанаж

   Персанаж - мастацка пераканальны вобраз чалавека з глыбока і яскрава выяўленымі індывідуальнымі рысамі. Мае непасрэдную сувязь з эстэтычным ідэалам свайго часу, мастацкім метадам пісьменніка.
   Асноўныя сродкі стварэння вобраза персанажу: дзеянні. учынкі і перажыванні, мова (пра што і як ён гаворыць), прамая аўтарская характарыстыка. характарыстыка вуснамі іншых дзейных асоб, партрэт, пейзаж, апісанне інтэр'ера, гаваркое прозвішча.
   Аснова вобраза персанажу - той ці іншы характар, аднак паняцце "вобраз-персанаж" шырэйшае за паняцце "характар": яно ўключае не толькі рысы, якія вызначаюць паводзіны чалавека, а і чыста знешнія, партрэтныя, неістотныя, прыватныя. З другога боку, не ўсякі персанаж з'яўляецца характарам.
   Тэрмін "характар" увёў у шырокі ўжытак старажытнагрэцкі філосаф Тэафраст (ІV - ІІІ ст. да н. э.), апісаўшы з пункту гледжання сатырыка і мараліста 30 характараў ("нудны апавядальнік", "падхалім", "даносчык" і інш.). Чалавечыя характары сталі аб'ектам мастацкага паказу яшчэ ў эпоху антычнасці, але раскрываліся па-рознаму ў розны час. У літаратуры антычнасці псіхалагічная характарыстыка персанажу была абмежаванай. У творах класіцыстаў персанажы ўяўлялі сабой "алегарычную абстракцыю нейкай адной рысы характару'(Гегель), дабрачыннай ці злачыннай. Пэўнай аднабаковасцю вызначаліся персанажы ў сентыменталістаў і рамантыкаў. І толькі рэалізм здолеў стварыць рознабаковыя, шматгранныя вобразы-персанажы, паказаўшы ў канкрэтнай, індывідуалізаванай форме істотныя заканамернасці, мнагастайнасць і складанасць жыцця.
   Персанаж у рэалістычнай літаратуры - гэта тыповы персанаж, які выяўляе заканамернае ў рэчаіснасці (т. зв. тыпізацыя). Пісьменнікі-рэалісты раскрываюць дыялектыку душы чалавека, глыбока даследуюць яго ўнутраны свет, псіхалогію, ствараюць праўдзівыя, багатыя і цэласныя персанажы, у першую чаргу - пазітыўных герояў.
   Яркія вобразы-персанажы стварылі беларускія пісьменнікі Якуб Колас (дзядзька Антось, Андрэй Лабановіч, дзед Талаш), Янка Купала (Бандароўна, Гусляр), Кузьма Чорны (Леапольд Гушка, Міхал Тварыцкі, Люба Лук'янская), Іван Мележ (Апейка, Васіль Дзяцел), Янка Брыль (Алесь Руневіч), Іван Шамякін (доктар Яраш, Гукан, Антанюк) і інш.
   Персанажы, у якіх з вялікай мастацкай сілай увасабляюцца найхарактэрнейшыя для людзей пэўнай групы рысы, становіцца тыпам. Сусветная літаратура ведае такія тыпы, як Рамэа і Джульета, Дон-Жуан, Гамлет, Дон Кіхот і інш. Беларуская літаратура дадала да іх некалькі сваіх вобразаў-тыпаў: Мікіта Зносак ("Тутэйшыя" Янкі Купалы), Гарлахвацкі, Туляга ("Хто смяецца апошнім" Кандрата Крапівы), Сотнікаў ("Сотнікаў" Васіля Быкава)...
   Паколькі вобраз-персанаж - гэта адзінства індывідуальнага і агульнага, прыватнага і заканамернага, думкі і пачуцця, то творчыя ўдачы пры яго стварэнні прыходзяць найперш да пісьменнікаў найбольш таленавітых, перадавых па сваіх поглядах, грамадска-актыўных, шырока дасведчаных.
Часам у літаратуры ў якасці персанажа выступае не чалавек, я нейкая з'ява, рэальная або містычная, прадстаўнік флоры або фаўны ("Холстомер" Л. Талстога, "Каштанка" Антона Чэхава, "Казкі жыцця" Якуба Коласа, літаратурная фантастыка і інш.). Аднак і ў такім выпадку сродкі стварэння, характар бытавання і функцыі персанажа застаюцца тымі самымі.