Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Перакладазнаўства

   Перакладазнаўства — філалагічная навука пра сутнасць, своеасаблівасць, гістарычныя заканамернасці ўзнікнення і развіцца, сацыяльна-гістарычную ролю і прынцыпы аналізу перакладу. Вылучылася з лінгвістыкі ў самастойную галіну ведаў у сярэдзіне XX ст. ў сувязі з ростам ролі перакладу. Цесна звязана з кантрастыўнай граматыкай, параўнальнай стылістыкай, эстэтыкай, параўнальным літаратуразнаўствам, семіётыкай, кібернетыкай, сацыялінгвістыкай, псіхалогіяй творчага працэсу і іншымі навукамі.
   Перакладазнаўства складаецца з трох галоўных галін — гісторыі, тэорыі і крытыкі перакладу і некалькіх дапаможных: перакладазнаўчай бібліяграфіі, тэксталогіі. гістарыяграфіі, храналогіі. Найбольшае развіццё атрымалі гісторыя, тэорыя і крытыка перакладу мастацкага. Сярод іншых відаў перакладу ён самы пашыраны і самы складаны. Пры разглядзе перакладаў мастацкай літаратуры выкарыстоўваецца агульнафілалагічны шлях аналізу, які арганічна паядноўвае лінгвістычны і літаратуразнаўчы падыходы і завяршаецца вывадамі агульнаэстэтычнага характару.
   У распрацоўцы тэорыі мастацкага перакладу найбольшая заслуга вучоных і перакладчыкаў К. Чукоўскага, А. Фёдарава, І. Кашкіна, П. Топера (Расія), М. Рылькага, В. Кацілава, А. Кундзіча, М. Новікавай (Украіна), Г. Гачачыладзе (Грузія), І. Левага (Чэхія), А. Попавіча (Славакія), А. Курэлы (Германія), Э. Кары (Францыя), Т. Савары (Англія) і інш.
   На Беларусі перакладазнаўства пачало зараджацца ў пачатку XX ст. (Максім Багдановіч, С. Палуян), але як навука склалася ў канцы 50-х — пачатку 70-х гг. XX ст. На яго станаўленне зрабілі ўплыў перакладчыцкая дзейнасць Максіма Багдановіча, Янкі Купалы, Якуба Коласа, Аркадзя Куляшова, Уладзіміра Дубоўкі і інш., выказванні пра пераклад і творчая практыка Ю. Гаўрука, Я. Семяжона, Максіма Лужаніна, Ніла Гілевіча, А. Зарыцкага, В. Сёмухі, Рыгора Барадуліна і інш.
   Беларускія перакладазнаўцы даследуюць творчасць асобных майстроў мастацкага перакладу — Максіма Багдановіча (Алег Лойка, Н. Лапідус), Янкі Купалы (С. Александровіч, Дз. Палітыка), Якуба Коласа (М. Базарэвіч, В. Рагойша), Аркадзя Куляшова (М. Арочка, М. Кенька), Максіма Танка (В. Гапава, А. Верабей), аналізуюць рускія і ўкраінскія пераклады беларускай літаратуры (А. Яскевіч, Т. Кабржыцкая, Ц. Ліякумовіч, А. Верабей, В. Рагойша) і пераклады яе на замежныя мовы (Д. Фактаровіч, М. Навіцкі, В. Нікіфаровіч), разглядаюць беларускія пераўвасабленні замежнай прозы і паэзіі.
   Асаблівых поспехаў беларускае перакладазнаўства дасягнула ў вывучэнні гісторыка-сацыялагічных пытанняў мастацкага перакладу (П. Копанеў) і тэарэтычных праблем перакладу з блізкароднасных моў (Э. Мартынава, В. Рагойша, А. Яскевіч).
   Развіваецца крытыка перакладу (Р. Бярозкін, Л. Казыря, А. Клышка, В. Небышынец, І. Чарота, К. Шэрман і інш.), перакладазнаўчая бібліяграфія (Л. Бабкова, І. Фалькоўская, М. Васілеўская).