Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце

Набыць беларускія кнігі можна на сайтах prastora.by і knihi.by



Пентаметр

   Пентаметр (грэч. pentаmetros — пяцімернік, ад pente — пяць і metron — мера) — вершаваны памер антычнай (метрычнай) сістэмы вершавання, які ўяўляе сабой два дактылічныя паўрадкоўі, аддзеленыя адно ад другога цэзурай.
   Кожнае паўрадкоўе змяшчае два дактылі і адзін доўгі склад. Паколькі час вымаўлення двух доўгіх складоў займае чатыры моры, г. зн. столькі, колькі і асобная стапа дактыля, то ў пентаметры было па сутнасці пяць дактыляў (адсюль і назва).
   Метрычная схема пентаметра наступная: |— —  |— —  | //  |— —  |— —  |. У першай палове радка, напісанага пентаметрам, дапускалася замена дактыляў спандэямі. Пентаметр ужываўся толькі ў чаргаванні з гекзаметрам, утвараючы элегічны двуверш. Назву і структуру гэтага памеру пазней пераняла сілаба-танічная сістэма вершавання. Тут пентаметр — шасцістопны дактыль з цэзурай пасля трэцяй стапы, у якім на два склады ўсечаны трэцяя і шостая стопы. Выкарыстоўваецца ён, як і ў антычным вершы, звычайна разам з гекзаметрам (у элегічным двувершы).
   Унікальны ўзор так званага чыстага пентаметра пакінуў Максім Багдановіч (у адным з перакладаў твораў П. Верлена):

 

Рыцар Няшчасце, што скрозь // ездзіць пад маскай маўчком,
Сэрца старое прабіў // мне зіхацяшчым мячом.
З сэрца старога струёй// люнула ярая кроў;
Знікла пад сонцам яна, // ў землю ушла між цвятоў.


   Прыклад элегічнага двуверша, дзе пентаметрам напісаны толькі цотныя радкі (у няцотных — гекзаметры):

 

Келіхі, сябры, паўней! Асыпаюцца яблыняў кветы,
Гіне вясны хараство — бела-ружовы убор.
Дзеці ўздыхаюць па ім, але мудрага яснасць

няўзрушна;

Там, дзе распукваўся квет, к восені выспее плод.
Келіхі, сябры, паўней! Час прызначаны кожнай праяве:
Моладасць прочкі імкне. Сталасці прыйдзе чарга!
(Уладзімір Жылка. «Пентаметры»)