Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце

Набыць беларускія кнігі можна на сайтах prastora.by і knihi.by



Паўтор

   Паўтор - адзін з асноўных прынцыпаў арганізацыі структуры і мовы мастацкай літаратуры, найперш - вершаванай мовы.
   Існуюць некалькі відаў паўтораў: рытмічныя (гл. метр; рытм), лексіка-стылістычныя (гл. сінтаксіс літаратурны), гукавыя (гл. гукапіс; рыфма), кампазіцыйныя (гл. кампазіцыя; страфа).
   Паўторы фіксуюць увагу чытача (слухача) твора на пэўных рытмічных, гукапісных, лексічных, сінтаксічных, кампазіцыйных кампанентах твора і тым самым павялічваюць іх значэнне ў тэксце, выклікаюць і ўзмацняюць іх эмацыянальнае ўздзеянне. Звычайна ў літаратурных творах віды і формы паўтораў сустракаюцца не паасобку, а ў тым ці іншым спалучэнні, узаемадзейнічаюць адзін з адным і дапамагаюць лепшаму выяўленню вобразнага зместу.

   Так, у вялікай ступені з дапамогай паўтору вершы «Фантан слёз» Уладзімір Караткевіч здолеў перадаць працягласць у часе і рытмічную аднастайнасць і манатоннасць з’явы:

Капаюць слёзы, слёзы, слёзы, слёзы,
Капаюць слёзы зусім як калісь, калісь, калісь,
Нібы ўспамін аб сонцы, аб танцы вясеннім бярозавым
І аб навекі далёкай зямлі, зямлі, зямлі.


   Трохразавы паўтор адных і тых жа дзеясловаў у кожнай з трох строфаў верша дазволіў Генадзю Бураўкіну выявіць уражанне бясконцасці дажджлівай нуднай восені:

Сеецца,
Сеецца,
Сеецца
Нудны асенні дождж.
Падае,
Падае,
Падае
Мокрае жоўтае лісце.
Вецер абсвіствае
Згадкі пражытых гадоў
І летуценні наіўныя,
Што не збыліся...


   Кожны від паўтору мае свае формы. Так, да лексіка-стылістычных паўтораў адносяцца анафара, эпіфара, эпанастрафа, шматзлучнікавасць, шматпрыназоўнікавасць, ампліфікацыя, падваенне, кальцо, градацыя, таўталогія, паралелізм.
   Арыгінальна, звярнуўшыся да ампліфікацыі, выкарыстаў В. Жыбуль у сваім вершы «Сон Мендзялеева», напісаным чатырохстопным харэем, пералік назваў усіх хімічных элементаў з перыядычнай табліцы Мендзялеева:


Літый натрый магній калій
Скандый кальцый стронцый галій
Крэмній фосфар сера хлор
Мендзялевій цэзій фтор

Кобальт медзь астат палоній
Ітрый волава цырконій
Вісмут плаціна аргон
Вадарод азот ксенон

Амерыцый родый радый
Цынк ванадый і паладый
Серабро тэлур крыптон
Ёд неон іртуць радон[...]

...Алюміній і свінец
Больш няма

Усё

Канец


   Звычайна ў вершаваных творах паўтор сустракаюцца не паасобку, а ў тым ці іншым спалучэнні, узаемадзейнічаючы адзін з адным і дапамагаючы лепшаму выяўленню паэтычнага зместу. Так, верш Янкі Купалы «За годам год» (1906-1909) літаральна пранізаны паўторамі Тут мы сустракаем ледзь не ўсе ві ды і формы паўтору: гукавы, лексічны, шматзлучнікавасць, шматпрыназоўнікавасць і інш.:

 

За годам год, за родам род,
Што хвалі хмар, што плесні вод,
Па зменах змен, на ўсход, на сход,
За родам род, за годам год.

На ўсход, на сход ідзе-брыдзе
У чарах-снах, у злыбядзе...
Канца ні ў чым, канца нідзе,
На ўсход, на сход брыдзе-ідзе.

За бытам быт, за стогнам стогн,
За смехам смех, за сконам скон,
За векам век, за звонам звон,
За мглою мгла з усіх старон.

Ідзе -брыдзе за следам след,
І ноч, і дзень, і цьма, і свет,
І песні кліч, і смерці цвет,
Ідзе -брыдзе за следам след...