Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце

Набыць беларускія кнігі можна на сайтах prastora.by і knihi.by



Паэтыка

   Паэтыка (гр. poietike - паэтычнае мастацтва) - раздзел тэорыі літаратуры, які вывучае структуру, характэрныя асаблівасці і змястоўнасць літаратурна-мастацкай формы.
   У шырокім сэнсе паэтыка - тое, што тэорыя літаратуры. Падзяляецца ня агульную, апісальную (аўтаразнаўчую) і гістарычную.
   Агульная паэтыка разглядае ўсе магчымыя спосабы і сродкі ўвасаблення аўтарскай задумы, іх адпаведнасць літаратурным родам, відам, жанрам. Напрыклад, паэтыка верша аналізуе яго мову, сінтаксіс, тропы, строфіку, рытміку, рыфмы, гукапіс, паэтычную інтанацыю, жанры.
   Апісальная (аўтаразнаўчая) паэтыка даследуе эстэтычныя кампаненты твораў асобнага пісьменніка, літаратурнага напрамку або цэлага перыяду нацыянальнай літаратуры (паэтыка Янкі Купалы, рамантызму, старабеларускай літаратуры і г. д.). Вызначае індывідуальныя, а таксама агульныя рысы мастацкай формы ў творчасці пісьменнікаў пэўнай эпохі і краіны.
   Прадмет гістарычнай паэтыкі - паходжанне і развіццё розных мастацкіх кампанентаў (эпітэт, метафара, метрыка верша і інш.) і катэгорый у залежнасці ад сацыяльных і чыста літаратурных умоў. Шырока карыстаецца параўнальна-гістарычным метадам даследаванняў, імкнецца абагуліць вынікі сусветнага літаратурнага працэсу.
   Вывучэнне паэтыкі ў беларускім літаратуразнаўстве мае багатыя традыцыі (выклад тэорыі паэзіі ў "Граматыцы славянскай" Л. Зізанія. Вільня, 1596; "Курс паэтыкі" М. К. Сарбееўскага. Полацк, 1618-1627 і інш.). Аднак у выніку складанасці літаратурнага працэсу ў XVІІІ-XІX стст. новы этап у вывучэнні паэтыкі пачынаецца толькі ў пачатку XX ст., у працах Максіма Багдановіча. Яго меркаванні пра суадносіны метра і рытму, метра і рыфмы, пра т. зв. навуковую паэзію, тэарэтычны нарыс пра санет і інш. мелі прынцыповае значэнне для развіцця беларускай тэорыі вершаванага слова.
   У 20-я г. г. апісальная паэтыка папоўнілася працамі А. Узнясенскага "Паэтыка М. Багдановіча" (1926), Яна Баршчэўскага "Тэорыя санету" і "Паэтыка літаратурных жанраў" (абедзве - 1927), даследаваннем Уладзіміра Дубоўкі "Рыфма ў беларускай народнай творчасці" (1927) і інш.
   У 30-50 гг. савецкае літаратуразнаўства да вывучэння паэтыкі літаратурных твораў амаль не звярталася. Увага да агульнай і аўтаразнаўчай паэтыкі прыкмячаецца толькі з пачатку 60-х гг. З гэтага часу ў Беларусі пачынаецца вывучэнне гісторыі і тэорыі беларускага верша (І. Ралько, М. Грынчык, В. Рагойша, А. Кабаковіч, В. Ярац), яго кампазіцыйных асаблівасцей, паэтычнай вобразнасці (І. Шпакоўскі, А. Яскевіч), паэтыкі рамана (В. Жураўлёў), праблем псіхааналізу ў літаратуры (А. Матрунёнак), стылю (М. Арочка, В. Бечык, Л. Гусева), рытмічнай арганізацыі мастацкага тэкста (А. Яскевіч), мастацкіх асаблівасцей асобных фальклорных жанраў (М. Янкоўскі, Ніл Гілевіч, А. Ліс, І. Цішчанка, Г. Барташэвіч, А. Фядосік, Л. Салавей) і інш.