Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце

Набыць беларускія кнігі можна на сайтах prastora.by і knihi.by



Паэтонім

   Паэтонім — уласнае імя, выкарыстанае пісьменнікам у яго творы (у назве ці ў самім тэксце).
   У мастацкіх творах онімы (імёны, прозвішчы і мянушкі людзей, геаграфічныя назвы, назвы устаноў, арганізацый і г. д. ), апрача прымет знака, якому ўласціва адназначнасць, маюць яшчэ і прыметы вобраза: дапамагаюць тыпізаваць і ахарактарызаваць нейкую з'яву, выявіць адносіны да яе аўтара і апаведача і г. д.
   У літаратурных творах, у тым ліку паэтычных, нямала прыдуманых паэтонімаў, выкарыстанне якіх абумоўлена рознымі мастацкімі задачамі (нацыянальнай, сацыяльнай і псіхалагічнай характарыстыкай аб'ектаў і прадметаў выяўлення, указаннем на іх важнасць, актуальнасць і інш.). Асобныя паэтонімы не толькі ўваходзяць у тэксты твораў, але становяцца назвамі іх, іх раздзелаў і нават асобных кніг («Янка і свобода», «Тарасова доля», «Украіне» Янкі Купалы, «Чымган», «Янку Купалу», «Маёй Марусі» Якуба Коласа, «У Луўры», «Перад Джыякондай» Максіма Танка, «Азбука Васі Вясёлкіна» Васіля Віткі, «Ясельда» Яўгеніі Янішчыц, «Адам і Ева», «Куліна», «Вечалле» Рыгора Барадуліна, «Стомленасць Парыжам» Леаніда Дранько-Майсюка і інш.).
   У творах кожнага значнага паэта выкарыстоўваюцца дзесяткі, нават сотні паэтонімаў. Так, Якуб Колас толькі для найменняў персанажаў ужыў 252 мужчынскія імені і 142 жаночыя, для назваў твораў — звыш 160 паэтонімаў. Пры літаратуразнаўчым аналізе патрэбна звяртаць увагу і на паэтонімы, на якіх нярэдка сыходзяцца асноўныя сэнсавыя вектары твора.