Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце

Набыць беларускія кнігі можна на сайтах prastora.by і knihi.by



Параўнанне

   Параўнанне - від тропа, у якім сутнасць аднаго прадмета, з'явы ці паняцця вытлумачваецца праз супастаўленне іх з падобнымі іншымі, больш або менш вядомымі ўспрымальніку літаратурнага твора.
   У параўнанні ўзаемадзейнічаюць абедзве часткі супастаўлення - і тое, што параўноўваецца, і тое, з чым параўноўваецца. Граматычна параўнанні афармляюцца па-рознаму, найчасцей - з дапамогай злучнікаў і злучальных слоў (як, нібы, быццам, няйначай і інш.). Параўнанне дапамагае зрабіць паэтычны малюнак яскравым, зрокава наглядным, жывапісным, даць яму пэўную ацэнку.
   Так, калі Янка Купала піша: "Свеце месяц, свеце,// Як лысіна ў пана", — то гэтае параўнанне найперш дае магчымасць зрокава больш-менш дакладна ўявіць і тое, што параўноўваецца (аб'ект параўнання: месяц), і тое, з чым параўноўваецца (суб'ект параўнання: лысіна). Разам з тым у параўнанні заключана і пэўнае стаўленне паэта да суб'екта параўнання (гумарыстычна-іранічнае), і аўтарская ацэнка яго (выразна негатыўная, бо гэта лысіна пана-прыгнятальніка).
   Параўнанне можа выражацца творным склонам назоўніка, апісальным зваротам, часам часткі параўнання злучаюцца інтанацыйнай (бяззлучнікавай) сувяззю ("Сняжыначкі-пушыначкі // Ляцелі матылькамі...", Змітрок Бядуля; "Вабіў хлопца мілы тварык, // Белы-белы, быццам лотас, // І каса чарней ад хмары", М. Лужанін; "Вочы Ганніны - дзве зоркі, // Броўкі - выгібы крыла, // Грудкі - дзве блізніцы-горкі. // Як сад, Ганна расцвіла", Якуб Колас).
   У паэзіі нярэдка сустракаецца адмоўнае параўнанне, у якім пры знешнім супрацьпастаўленні двух з'яў маецца іх глыбокае ўнутранае падабенства: "Ой, не хмарка градавая// Ў полі ніўку косіць,// — Секвестратар за падаткі// Нечы пот выносіць" (С. Крывец).
   Асобны від параўнання - разгорнутае параўнанне, у якім падаецца разгорнуты малюнак пэўнай з'явы. Здараецца, увесь твор будуецца на адным разгорнутым параўнанні. Такі, у прыватнасці, верш Максіма Багдановіча "...Зразаюць галіны таполі адну за другой", у якім разгорнуты малюнак прыроды (першая палова верша) праецыруецца на з'явы грамадскага жыцця (другая палова верша).