Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце

Набыць беларускія кнігі можна на сайтах prastora.by і knihi.by



Паралелізм

   Паралелізм (ад грэч. paralllos — той, што ідзе побач; паралельны) — сінтаксічна-кампазіцыйны прыём паралельнага размяшчэння аднатыпных элементаў паэтычнага выказвання (з’яў, вобразаў, матываў і г. д.), што супастаўляюцца паміж сабой.
   У адпаведнасці з тым, на якім узроўні — рытмічным, гукавым, сінтаксічным, страфічным, псіхалагічным — адбываецца гэта супастаўленне, вылучаюць розныя віды паралелізму.
   Сінтаксічны паралелізм — гэта аднолькавая сінтаксічная будова суседніх вершаваных радкоў. Вось прыклад з народнай песні:

 

Я б паслала пасол — не смею,
Напісала б лісток — не ўмею,
І пайшла б я сама — баюся,
Доўгая дарога — стамлюся.


   Для народнай паэзіі надзвычай характэрны псіхалагічны паралелізм, пры якім з’явы чалавечага жыцця суадносяцца са з’явамі прыроды:

 

— Зялёная дубровачка,
Чаго рана шумець стала?
Яшчэ ветры не веялі,
Дробны дажджы не капалі.


— Маладая дзяўчыначка,
Чаго рана плакаць стала?
Яшчэ сваты не ехалі,
Цябе, маладу, не сваталі.


   Тут псіхалагічны паралелізм дапаўняецца страфічным, паколькі два супастаўленыя комплексы лексічна і сінтаксічна ўкладваюцца ў аднолькавыя строфы. На псіхалагічным паралелізме поўнасцю пабудаваны верш Пімена Панчанкі «...Трэснула, грукнула, грымнула з покатам». Вось дзве заключныя страфы гэтага верша, у якіх другія — «чалавеказнаўчыя» — паловы чатырохрадкоўяў узяты нават у дужкі:


Я навальніцы люблю ачышчальныя,
Што працінаюць да донца душы.
(Кажуць, не прымуць больш касы ашчадныя
У сейфы свае махляроў барышы).

Смолкія почкі маланкай палушчаны,
Свежа і зелена. Ясныя дні.
(Кажуць, што заўтра усе алілуйшчыкі
Выступяць супраць сваёй балбатні).


   Часам у паэзіі, і ў першую чаргу ў народнай, выкарыстоўваецца так званы адмоўны паралелізм, калі адны нейкія з’явы, прадметы падаюцца праз адмаўленне іншых. Адмоўным паралелізмам, у прыватнасці, пачынаецца паэма Янкі Купалы «Бандароўна»:

 

Не віхор калыша лесам,
Не ваўкі заводзяць,
Не разбойнікі гурбою
За здабычай ходзяць.

На Ўкраіне пан Патоцкі,
Пан з Канёва родам,
З сваёй хеўрай гаспадарыць
Над бедным народам.


   Паралелізм у некаторых сваіх формах блізкі да параўнання. Але паралелізм, апрача таго, што супастаўляе з’явы, выконвае і кампазіцыйную функцыю (наладжвае структурную сувязь двух або некалькіх стылістычных кампанентаў), якой пазбаўлена параўнанне.
   Сінтаксічны паралелізм пасадзейнічаў калісьці ўзнікненню верша (у выглядзе паралельных сінтаксічных радоў), з’яўленню рыфмы (яна завяршала і фанічна падкрэслівала гэтыя рады).