Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Панегірык

   Панегірык (ад грэч. pangyrіcos logos — усенароднае слова) — даўні літаратурны жанр, які ўяўляе сабой хвалебную прамову ў гонар нейкага старажытнагрэчаскага бога, героя, горада і г. д. Пазней панегірыкам сталі называць любы літаратурны твор хвалебнага характару (у адрозненне ад супрацьлеглай сатыры). Такі, напрыклад, панегірык князям Радзівілам Сымона Буднага, надрукаваны ў пачатку яго«Катэхізіса» (1562) з прычыны таго, што ў Нясвіжскай друкарні пачалі выдавацца беларускія кнігі.
   Як панегірык роднаму слову гучыць верш беларуса Яна Казіміра Пашкевіча «Польша квитнеть лациною» (1621). У старажытнай беларускай літаратуры найбольш распаўсюджаным відам панегірыка была эпіграма (эпікграма). Вядомыя эпікграмы А. Рымшы на гербы Льва Сапегі і Ф. Скуміна, Л. Мамоніча — на герб Льва Сапегі, невядомага аўтара — на герб Б. Агінcкага і інш. Вось адзін з тых даўніх панегірыкаў:

 

Што две стрелы, што врубы, што лелеи значать,
То вси люди мудрые вельми горазд бачать.
Который зацный тот дом за герб уживаеть,
Вер мне, иж там господу цнота свою маеть.

(А. Рымша. «На герб яснавяльможнага пана
Астафея Валовіча, пана Віленскага і прочых», 1585)


   З сярэдзіны XVІІ ст. на Беларусі і Украіне пашыраецца дэкламацыя — рытарычны хвалебны твор, што ўслаўляў нейкую падзею ці асобу і выконваўся публічна адным або некалькімі чытальнікамі. Асаблівага росквіту дэкламацыя дасягнула ў творчасці Ф. Утчыцкага, І. Іяўлевіча і Сімяона Полацкага («Метры», «Вершы на шчаслівы зварот літасцівага цара з-пад Рыгі», «Віншаванне з выпадку ўзяцця Дэрпта»).
   У XІX ст. у выніку дэмакратызацыі літаратуры панегірык як асобны паэтычны жанр знікае. З гэтага часу і да сёння слова «панегірык» выкарыстоўваецца толькі ў іранічным сэнсе, як абазначэнне неапраўданага ўсхвалення каго- або чаго-небудзь у вуснай ці пісьмовай (мастацкая літаратура, публіцыстыка) форме:

Адышлі ў нябыт панегірыкі
Спелай ніве і малацьбе.
Сэрцу хочацца цёплай лірыкі
Не пра вінцікі — пра сябе.
(Генадзь Бураўкін)


   У такім жа значэнні ўжываецца часам і тэрмін дыфірамб.