Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце

Набыць беларускія кнігі можна на сайтах prastora.by і knihi.by



Падваенне

   Падваенне — стылістычны прыём паўтарэння ў вершаваным радку тых самых слоў або словазлучэнняў, галоўных ці даданых членаў сказа.
   Падваенне дапамагае ўзмацніць эмацыянальны напал выказвання, завастрыць увагу на пэўным дзеянні, з’яве або прадмеце. Яно характэрна як для фальклору, так і для пісьмовай літаратуры.
   Можа знаходзіцца ў пачатку, сярэдзіне і ў канцы вершаваных радкоў:

 

Пайдзі, пайдзі, татачку, з касою,
Скасі, скасі рутачку з расою.
Паедзь, паедзь, братачку, з вазочкам,
Звязі, звязі рутачку з пясочкам.
(Народная песня)

Людзі, людзі!
Прад вамі нізка, нізка хілюся,
Бо адна я — нішто.
(Ніна Мацяш)


   Арыгінальныя падваенні, да таго ж спалучаныя трайнымі пачатковымі рыфмамі, надаюць адметны інтанацыйна-рытмічны малюнак вершу Петруся Броўкі:

Чырваніць, чырваніць, чырваніцца рабіна,
На лясы, на лясы паплыла павуціна,
Галасы, галасы— ветравыя спяванкі,
Верасы, верасы вераснёвага ранку.

Адцвілі, адцвілі, абсыпаюцца кветкі,
Што кажы, не кажы, засынаюць палеткі,
У цішы, у цішы гай стаіўся пахмуры,
А ў душы, а ў душы не сцішаецца бура.


   У вершы Петруся Броўкі «Пахне чабор» падвоены выраз заканчвае сабой усе пяць строфаў, становячыся рэфрэнам. Дарэчы, падваенне — адна з характэрных асаблівасцей паэтыкі Петруся Броўкі (вершы «Жорны», «...А ты ідзі! » і інш.).