Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце

Набыць беларускія кнігі можна на сайтах prastora.by і knihi.by



Ода

   Ода (ад гр. oide - песня) - жанр лірычнай паэзіі, урачысты верш у гонар нейкай гістарычнай падзеі або выдатнай асобы.
   У старажытнай Грэцыі, дзе ўзнік гэты жанр, одай называлі любую лірычную песню, вясёлую ці сумную, якая выконвалася хорам падчас танцаў. Свой усхваленчы пафас яна ўпершыню атрымала ў творчасці Піндара (ІV ст. да н. э.), які одай праслаўляў багоў, герояў, пераможцаў алімпійскіх гульняў. У такім выглядзе жанр адрадзіўся ў Заходняй Еўропе ў перыяд класіцызму ( П. Рансар, Ф. Малеб, Ж. -Б. Русо).
   Першую рускую оду напісаў В. Традзьякоўскі ("Ода пра здачу горада Гданьска", 1784). Ён жа, грунтуючыся на "Развагах пра оду" французскага тэарэтыка мастацтва Н. Буало, надрукаваў свае "Развагі пра оду". Вядомым рускім одапісцам быў М. Ламаносаў ("Ода на ўзяцце Xоціна" і інш.).
   Дасканаласць ода набыла ў творчасці Г. Дзяржавіна, які надаваў ёй часамі і сатырычнае гучанне ("Вяльможа"). Аднак з цягам часу ода ператварылася ў твор, у якім у напышлівай форме неабгрунтавана ўхваляліся цары, прыдворныя вяльможы, іншыя буйныя ахоўнікі самадзяржаўя. Гэта прывяло да выраджэння оды яшчэ ў канцы XVІІІ - пачатку XІX стст., да замацавання за ёй нядобрай славы твора, што выяўляе высакапарнае нізкапаклонства. У такім, адмоўным, сэнсе слова "ода" часам ужываецца і зараз ("На караністай дарозе вазак// Цябе растрасе, таўстазадая ода - Рыгор Барадулін, "У вянок Мацею Бурачку").
   Тым не менш ужо з пачатку XX ст., асабліва пасля рэвалюцыі, заўважаецца штораз большая цікавасць да гэтага жанру ("Ода рэвалюцыі" У. Маякоўскага, "Хвала чалавеку" В. Брусава).
   Ода прыйшла і ў беларускую савецкую паэзію. Многія вершы пра Леніна, камуністычную партыю, кастрычніцкую рэвалюцыю, розныя "чырвоныя" даты календара - гэта не што іншае, як савецкія оды. Праўда, часцей за ўсё паэты не ўжывалі ў назвах твораў слова "ода". Аднак з часам яно і тут набыло правы грамадзянства ("Ода пешаходу" Пімена Панчанкі, "Ода прозе" Міхася Стральцова, "Ода трактарнаму заводу" Хв. Жычкі і інш.).
   Пачала сваё існаванне і асобная жанравая разнавіднасць - сатырычная ода ("Ода футбольнаму мячу" Ніла Гілевіча).