Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце

Набыць беларускія кнігі можна на сайтах prastora.by і knihi.by



Натуралізм

   Натуралізм (ад франц. naturalisme, ад лац. naturalis – прыродны, натуральны) – літаратурна-мастацкі метад, стыль і напрамак, які характарызуецца ўсвядомленай устаноўкай на бесстаронні аб’ектывізм у паказе прыроднай і сацыяльнай рэчаіснасці, схільнасцю да ўзнаўлення вонкавых з’яў жыцця без іх мастацкага абагульнення, пранікнення ў духоўную сутнасць. Натуралісты імкнуліся да такога адлюстравання рэальнасці і чалавечых характараў, пры якім асаблівая ўвага надавалася быту і фізіялогіі. Апошнія, згодна з меркаваннямі прыхільнікаў дадзенага метаду, надзвычай моцна абумоўлівалі паводзіны і духоўны свет персанажаў.
   Натуралізм у якасці адносна цэласнага літаратурна-мастацкага метаду і стылю (аднак, заўважым, усё-такі ў агульным рэалістычным рэчышчы) поўнасцю аформіўся ў самастойны літаратурны накірунак у развітых літаратурах Еўропы і ў літаратуры ЗША к апошняй трэці ХІХ ст. Але асобныя яго спарадычныя і фрагментарныя праявы  давалі аб сабе знаць і да гэтага часу (як прыклад – познярымскае выяўленчае мастацтва, літаратура барока), а таксама пасля таго, як натуралізм пакінуў літаратурную авансцэну. Натуралізмам даволі часта ў дачыненні да мастацтва называецца антысацыяльны, чыста біялагічны падыход да чалавека, а таксама скурпулёзнае, «пратакольнае» апісанне жыццёвых з’яў без іх крытычнага адбору, сацыяльна-філасофскага асэнсавання, мастацкага абагульнення і ацэнкі. Відаць, тут можна весці гаворку аб пазачасавых, пазаэпахальных прыкметах твора і мастацкага почырку аўтара.
   Зарадзіўся натуралізм і праграмна аформіўся ў французскай літаратуры, а затым ужо пачаў паступова распаўсюджвацца, прычым з рознай ступенню актыўнасці, па Еўропе, а таксама ў ЗША. Велізарную ролю ў яго ўзнікненні і фарміраванні адыгралі поспехі прыродазнаўчых навук, перш за ўсё фізіялогіі, якая супрацьпаставіла эксперымент «ненавуковым» (тэрмін тагачасных фізіёлагаў) метадам пазнання. Філасофскай асновай натуралізму стаў пазітывізм А. Конта, а эстэтычнай – тэорыі І. Тэна, увасобленыя ў яго пяцітомнай «Гісторыі англійскай літаратуры» і тэарэтычнай працы «Філасофія мастацтва». Літаратурнымі папярэднікамі натуралізму можна лічыць французскіх пісьменнікаў Шанфлёры, Л. Дзюранці, Г. Флабэра, братоў Э. і Ж. Ганкураў. Тэорыю натуралізму ў дачыненні да літаратуры распрацаваў і небеспаспяхова паспрабаваў прымяніць ва ўласнай творчасці Э. Заля. У свой час даволі значны рэзананс атрымалі зборнікі тэарэтыка-крытычных артыкулаў Э. Заля «Эксперыментальны раман» (1880), «Раманісты-натуралісты» (1881), «Нашыя драматургі» (1881) і інш., у якіх абгрунтоўваўся новы літаратурна-мастацкі метад. Вакол Э. Заля ў сярэдзіне 1870-х гг. склалася цэлая натуралістычная пісьменніцкая школа, якую прадстаўлялі Г. дэ Мапасан, Ж. Гюісманс, А. Сеар, П. Алексіс, А. Дадэ і інш. Дадзеная школа праіснавала да канца 1880-х гг., а затым распалася. З гэтага часу натуралізм губляе тэарэтычную дакладнасць і захоўваецца ў якасці агульнай назвы розных, але адзіных па паходжанню літаратурных з’яў.
   Натуралісты ставілі перад сабой задачу – вывучаць грамадства з той жа паўнатой, з якой прыродазнаўца даследуе прыроду. Мастацкае пазнанне яны прыраўноўвалі да навуковага. Мастацкі твор разглядаўся натуралістамі «як чалавечы дакумент», а асноўным эстэтычным крытэрыем лічылася паўната ажыццёўленага ў ім пазнаваўчага акта. Пераважны інтарэс да побыту, да фізіялагічных асноў псіхікі, недавер да ўсякага роду ідэй абмяжоўвалі мастацкія магчымасці натуралістычнай літаратуры. Аднак пранікненне жыццёвай праўды ў натуралістычныя творы ў яе скандэнсаваным, абагуленым выглядзе часам зводзіла да нуля тэарэтычныя пабудовы іх аўтараў і ў выніку абумовіла глыбокае мастацкае ўздзеянне лепшых узораў гэтага пісьменства на сучаснікаў.
   Для большасці пісьменнікаў-натуралістаў былі характэрнымі ўяўленні аб прадвызначанасці лёсу чалавека яго фізіялагічнай прыродай, а таксама асяроддзем, у якім канкрэтны індывід вырас і сфарміраваўся. І толькі асобныя пісьменнікі (як, напрыклад, Заля) здолелі вырвацца з палону фаталізму.
   Натуралісты не прымалі маралізавання ў мастацкай творчасці, бо лічылі, што адлюстраваная з навуковай дакладнасцю рэчаіснасць сама па сабе з’яўляецца дастаткова выразнай. Яны сцвярджалі, што літаратура, як і навука, не мае права выбару матэрыялу, што для пісьменніка няма непрыдатных сюжэтаў альбо недастойных тэм – адсюль пашырэнне тэматыкі натуралістычнай літаратуры, цікавасць да «простых» з’яў жыцця («Жэрміні Ласертэ» братоў Э. і Ж. Ганкураў, «Пастка» Э. Заля). Аднак падначаленасць матэрыялу, імкненне запісваць «пад дыктоўку жыцця» даволі часта прыводзілі да бессюжэтнасці («Цудоўны дзень» Сеара, «Услед за плынню» Гюісманса), а бясстрастнасць – да грамадскай індэферэнтнасці.
   У 60-80-я гг. ХІХ ст. натуралізм пры ўсіх яго слабых месцах і недахопах адыграў пэўную станоўчую ролю ў развіцці літаратуры: засвойваў новыя тэмы, падымаў новыя пласты рэчаіснасці, паказваў жыццё людзей малазабяспечаных і прыгнечаных, вывучаў узаемадзеянне асобы і натоўпу, ролю падсвядомага ў чалавечай псіхіцы. Натуралізм увёў у літаратуру новыя прыёмы і сродкі мастацкага адлюстравання жыцця. Змагаючыся з ілжывым афіцыйным аптымізмам, з мяшчанскай ідэалогіяй і мараллю, праяўляючы шырокі дэмакратызм і выкрывальны пафас, натуралізм садзейнічаў прагрэсу грамадскай думкі і мастацкага бачання свету.
   Па-за Францыяй, у іншых краінах Еўропы і Паўночнай Амерыкі,  натуралізмам у апошняй трэці ХІХ – пачатку ХХ стст. сталі называць падобныя з’явы, якія ўзніклі ў асноўным на глебе ўласных мастацкіх запатрабаванняў, але, як правіла, не без пэўнага французскага ўплыву.
   Так, у Германіі своеасаблівым пралогам натуралізму была крытычная дзейнасць братоў Г. і Ю. Харт, а яго мастацкім увасабленнем – творчасць А. Хольца і Г. Гаўптмана. Менавіта нямецкія пісьменнікі-натуралісты стварылі г. зв. секундны стыль, што меў на мэце не толькі капіраванне пэўнага жыццёвага факта ў цэлым, але і педантычную фіксацыю самых дробных яго элементаў. І яшчэ адна з асаблівасцей нямецкага натуралізму: калі ў іншых нацыянальных літаратурах ён выявіўся ў першую чаргу ў прозе і драматургіі, дык тут дадзены метад надзвычай моцна заявіў аб сабе ў лірыцы.  У Англіі натуралізм паўплываў на творчасць Дж. Мура і Дж. Гісінга. У ЗША дадзены мастацкі метад атрымаў вострую сацыяльную афарбоўку ў С. Крэйна, Ф. Норыса, Х. Гарленда. У Італіі аналагічным натуралізму рухам стаў верызм (італ. verismo, ад. vero – праўдзівы), які прадстаўлялі Дж. Вергі, Л. Капуана і інш. У Іспаніі барацьба з французскім літаратурным уплывам ішла побач з умацаваннем натуралістычных прынцыпаў у творчасці Э. Басан і А. Вальдэса. У Бельгіі прадстаўніком натуралізму стаў К. Леманье. Пэўны ўплыў натуралізм аказаў таксама на творчасць А. Стрынберга, Г. Ібсана і К. Гамсуна.
   Некаторыя элементы паэтыкі натуралістаў знайшлі працяг у імпрэсіянізме, сюррэалізме, «плыні свядомасці», тэатры абсурду і шэрагу іншых «нерэалістычных» плыней, а таксама ў творчай практыцы асобных пісьменнікаў-рэалістаў ХХ ст.
   У Расіі ўплыў натуралізму даволі моцна адчуваецца ў творчасці Дз. Маміна-Сібірака і П. Бабарыкіна. Рускую ж «натуральную школу» нельга атаясамліваць з натуралізмам, бо яна, па-першае, узнікла амаль што на два дзесяткі гадоў раней таго часу, калі натуралізм  заявіў аб сабе ў Еўропе, а, па-другое, была формай станаўлення крытычнага рэалізму.
   У беларускай мастацкай культуры натуралізм у сувязі з тым, што перад беларускімі мастакамі ў тыя часы стаялі іншыя, адраджэнцка-асветніцкія задачы, не аформіўся ў самастойны накірунак з уласнай эстэтычнай праграмай. Разам з тым па аналогіі з натуралізмам могуць ацэньвацца асобныя недахопы (празмерная блізкасць вобразнай сістэмы да эмпірычных форм быцця, залішні этнаграфізм, абмежаванае бытапісанне) ранняй беларускай паэзіі, прозы, драматургіі, пачатковыя стадыі тэатральнага і выяўленчага мастацтва. Усё гэта было абумоўлена цяжкасцямі станаўлення мастацкага прафесіяналізму пры практычна поўнай адсутнасці нацыянальных традыцый.