Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Напрамак літаратурны

   Напрамак літаратурны - творчае адзінства груп літаратараў пэўнага гістарычнага перыяду, блізкіх па сваім светапоглядзе і мастацкай манеры.
   Прадстаўнікі аднаго літаратурнага напрамку распрацоўваюць агульныя матывы і тэматыку, карыстаюцца падобнымі выяўленчымі сродкамі. Творчую блізкасць яны часта замацоўваюць арганізацыйна: утвараюць літаратурную арганізацыю, выдаюць свой орган, публікуюць маніфест і г. д.
   Часам літаратурныя напрамкі утвараюцца ў межах аднаго метаду літаратурнага (крытычны рэалізм, натуралізм, сацыялістычны рэалізм - у межах рэалізму; акмеізм, імажынізм, футурызм, імпрэсіянізм, экспрэсіянізм, постмадэрнізм - у межах мадэрнізму), падчас узнікаюць у выніку пошуку новага метаду (сімвалізм). Аднак іх уплыў у той ці іншай ступені пазначыўся на творчасці некаторых пісьменнікаў: Янкі Купалы, Максіма Багдановіча (сімвалізм), Змітрака Бядулі, Уладзіміра Хадыкі, Уладзіміра Жылкі, давераснёўскага Максіма Танка (імажынізм), М. Грамыкі (футурызм), ранняга Кузьмы Чорнага, Міхася Зарэцкага ("паток свядомасці", імпрэсіянізм)...
   Да ўласна беларускіх літаратурных напрамкаў XX ст. можна аднесці маладнякізм і узвышэнства (ад назваў літаратурных аб'яднанняў "Маладняк"/1923-1928/ і "Узвышша"/1926-1931/). Маладнякоўцы (Міхась Чарот, Алесь Дудар, Анатоль Вольны, А. Александровіч і інш) імкнуліся "ідэі матэрыялізму, марксізму і ленінізму ажыццявіць у беларускай мастацкай творчасці", лічылі, што мастацкі вобраз павінен аб'ектыўна адпавядаць рэальнасці. Разам з тым некаторыя з іх мастацкую спадчыну лічылі перажыткам, захапляліся арыгінальнічаннем, фармалістычным штукарствам. Узвышэнцы (Кандрат Крапіва, Уладзімір Дубоўка, Максім Лужанін, Кузьма Чорны, Адам Бабарэка, Лукаш Калюга і інш.), не забываючыся пра грамадзянскасць літаратуры, імкнуліся да яе мастацкай дасканаласці, да таго, каб яе маглі "ўбачыць вякі і народы". Яны арыентаваліся на вусную народную творчасць, класічную літаратуру, развівалі розныя жанры, павышалі культуру беларускага верша.
   З другой паловы 90-х гг. XX ст. асобны літаратурны напрамак (яго ўмоўна можна назваць бумбамлітызмам - па назве літаратурнага аб'яднання "Бум-Бам-Літ") імкнецца стварыць адносна невялікая група маладых беларускіх пісьменнікаў (З. Вішнёў, В. Жыбуль, С. Мінскевіч, А. Туровіч, А. Xадановіч і інш.), якая час ад часу выпускае свой перыядычны орган - "Ксэракс беларускі", выдае кніжкі ў серыі "Другі фронт мастацтваў'. Асноўная кансалідуючая ідэя прадстаўнікоў гэтага літаратурнага напрамку вызначаецца як "панэстэтызм". Па сутнасці, гэта не што іншае, як прыватнае ўвасабленне ў творчай практыцы некаторых прынцыпаў мадэрнізму, у прыватнасці постмадэрнізму.

Похожие статьи:

ЛЛітаратурны працэс

ССувязі літаратурныя

РРод літаратурны

ЛЛітаратурнае краязнаўства