Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце

Набыць беларускія кнігі можна на сайтах prastora.by і knihi.by



Наватвор

   Наватвор — новае слова або моўны зварот, якія ўжываюцца ў мастацкім творы з мэтай свежага і яскравага выражэння стылістычных эфектаў і мастацкіх дэталяў.

   У стварэнні наватвораў пісьменнікі наследуюць традыцыю вуснай народнай творчасці, якая ведае надзвычай арыгінальныя словы-наватворы. Вось некалькі прыкладаў з беларускіх прыказак і прымавак: На аднаго кусайла па тры сярбайлы. Перасуха ў недасухі сена пазычае. Ні скакун, ні граюн, а ў куточку сядун. Любіш быць узяхам, любі быць і аддахам. Ляжай ляжыць, а доля бяжыць.
   Вялікім майстрам наватвораў быў Янка Купала. Ён уводзіў у паэтычную мову рэдкія, у тым ліку і дыялектныя, словы і ствараў новыя (скурганіць, нязгледны, крыліцца, вечнабыт, праяснасць, мазольнік, небазор, харашыць, прагледзіста, чужыншчына, прасветач).
   Наватворы сустракаюцца ў Якуба Коласа (гучнабежны, неабнімны), П. Труса (веснаплынь, бурлівіць, ірдзень-агні), Уладзіміра Хадыкі (буравей), Язэпа Пушчы (сонцаквет), Пімена Панчанкі (словапад, аўтатабун, арахоўна, грыбна), Аркадзя Куляшова (земляўздрыг, нехацімец), М. Лужаніна (бензапой), А. Зарыцкага (высінь, парыўчы, лючэй, балючэй), С. Законнікава (аэрафея), В. Коўтун (зязюліцца), А. Каско (раскішэніцца), іншых паэтаў, найбольш часта — у Максіма Танка (небасяжны, адумыславаты, блакітнець, вершаруб, развясніцца, умаіць, маланкагромны, створца), Васіля Зуёнка (прыпірышча, напяхцерыць, увішніца, лядня, пярэстар, надозімкам), Ніны Мацяш (шчасцятворны, адважнік, адтаемніць, упаляванак, салодкагорлы, мэтаносна, выхварыць, панянькаваць, звішнявелы). Аднак, відавочна, ніхто з сучасных беларускіх паэтаў не можа паспрачацца з Рыгорам Барадуліным у майстэрстве словаўтварэння і частаце выкарыстання наватвораў. Іх у яго, як і ў Янкі Купалы, — дзесяткі: нашчыць, надзеіць, травець, славяніцца, нявесціцца, нарачонка, узімелы, авіябальшак, жабяняты, купаляняты, імглатэрапія, першаснег, крэслацёр, змарнатравіць, мройнавокі, шалёнагубы, упрыхруску, ведзьмаваць, суравейна, самнасамна і г. д.
Вось некаторыя прыклады выкарыстання наватвораў у паэзіі:

Зняверцу-роспач пратуры:
Азёрна,
Борна,
Гойна!
Далёка бачыў на гары —
Ідзі з гары спакойна.
(Рыгор Барадулін. «З гары»)

Лесавікуй да пенсіі, стары.
Ідзе парадкам культвяснакампанія:
Пазапаліла лотаць ліхтары,
Сон-снегавік званкі наладзіў раннія...
(Васіль Зуёнак. «... Нібы за стол бяседны»)

Бываюць дні без шчасця,
бясчэсця сумныя гады, —
то паласа бясчасся.
(Анатоль Вярцінскі. «Навагодні тост»)


   Асобныя аўтарскія наватворы становяцца агульнаўжывальнымі і ўваходзяць у нацыянальную літаратурную мову. Слова адлюстроўваць — неалагізм Уладзіміра Дубоўкі — з 20-х гадоў ХХ ст. пачало шырока ўжывацца ў беларускай літаратурнай мове, замяніўшы няўдалыя словы-калькі адбіваць, атражаць, адвобржваць. Дзякуючы Уладзіміру Дубоўку ў літаратурную мову ўвайшлі і некаторыя іншыя словы: мілагучнасць, мэтазгодна, цемрашал...