Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце

Набыць беларускія кнігі можна на сайтах prastora.by і knihi.by



Метрыка

   Метрыка (ад грэч. metrіkos — размераны) — раздзел вершазнаўства, які вывучае характар вершавання ў якой-небудзь літаратуры ці ў творчасці нейкага паэта.
   Так, метрыка беларускага верша ўключае ў сябе ўсе віды і формы танічнага, сілабічнага, сілаба-танічнага і свабоднага вершаў, якія існавалі ці існуюць у паэзіі на беларускай мове, і ў першую чаргу — разнастайныя метры, якія ў сучасным вершазнаўстве часам падзяляюць на класічныя (ямб, харэй, дактыль, анапест, амфібрахій) і некласічныя (лагаэд, двух- і трохскладовікі з пераменнай анакрузай, акцэнтна-складовы і акцэнтны верш, дольнік, тактавік).
   Сукупнасць метраў і вершаваных памераў, якімі карыстаецца паэт, утварае яго метрычны рэпертуар. У асобных вершатворцаў ён даволі вялікі. Так, Якуб Колас выкарыстаў 182 памеры (тут і далей падлікі I. Ралько і В. Славецкага). Класічныя метры ў метрычным рэпертуары народнага паэта Беларусі складаюць абсалютную большасць (96,5%), як, дарэчы, і ў многіх іншых беларускіх паэтаў: у Янкі Купалы — 89%, Змітрака Бядулі — 83%, Максіма Багдановіча — 81% (для параўнання: у А. Пушкіна — 96%, М. Лермантава — 98%).
   Звычайна ў паэтаў пераважаюць творы монаметрычныя, што напісаны адным вершаваным памерам (чатырохстопным ямбам — Я4, трохстопным харэем — Х3, двухстопным амфібрахіем — Ам2, трохстопным дактылем — Д3, чатырохстопным анапестам — Ан4 і г. д.). Такіх твораў, напрыклад, у Якуба Коласа — 94,6%, Змітрака Бядулі — 94,7%, Янкі Купалы — 97,7%, Максіма Багдановіча — 99,3% (для параўнання: у А. Блока — 97,6%, В. Брусава — 97,4%). Аднак сустракаюцца і творы поліметрычныя, у якіх выкарыстаны два і больш вершаваныя памеры, розныя метры. Так, у Якуба Коласа 36 такіх твораў, або 5,4%. Ёсць такія поліметрычныя творы ў Янкі Купалы (2,3%), Максіма Багдановіча (0,7%).
    У XIX ст. узнікла параўнальная метрыка, прадметам якой стала супастаўленне сістэм вершавання і асобных метраў у розных нацыянальных паэзіях.
   Навуковае вывучэнне метрыкі беларускага верша пачалося толькі ў другой палове ХХ ст. Статыстычныя табліцы наяўнасці вершаваных памераў у творах Янкі Купалы, Якуба Коласа, Максіма Багдановіча і некаторых іншых беларускіх паэтаў прывёў М. Грынчык у сваім даследаванні «Шляхі беларускага вершаскладання» (Мн., 1973). І. Ралько ўдакладніў некаторыя лічбы М. Грынчыка, а таксама склаў поўны «Метрычны даведнік да вершаў Максіма Багдановіча» (у кн.: Вершаскладанне: Даследаванні і матэрыялы. Мн., 1977).
   Метрыка беларускага верша, асабліва сучаснага, яшчэ чакае сваіх зацікаўленых даследчыкаў.