Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце

Набыць беларускія кнігі можна на сайтах prastora.by і knihi.by



Метр

   Метр (ад гр. metron - мера, адзінка вымярэння; вершаваны памер) - ідэальная схема чаргавання ў вершаваных радках метрычнага верша пэўных рытмастваральных: кампанентаў (доўгіх і кароткіх складоў - у антычным, націскных і ненаціскных - у сілаба-танічным вершаванні і гэтак далей).
   Так, у сілаба-танічнай сістэме вершавання папераменнае чаргаванне націскных і ненаціскных складоў (/-/-/...) стварае харэічны метр, ненаціскных і націскных (-/-/-/...) - ямбічны. У адрозненне ад двухскладовых, трохскладовыя метры паміж націскнымі складамі маюць па два ненаціскныя. Іх вылучае характар анакрузы (ненаціскныя склады ў пачатку вершаванага радка перад першым метрычным націскам). У дактылічным метры яна нулявая (/-/-/-...), у амфібрахічным - аднаскладовая (-/-/-/-...), у анапестычным - двухскладовая (-/-/-/.).
   Асноўнай метрычнай адзінкай верша з'яўляецца стапа, якая ў сілаба-танічным вершы бывае двухскладовай (з націскам на першым складзе - харэй, з націскам на другім складзе - ямб) або трохскладовай (з націскам на першым складзе - дактыль, на другім, сярэднім, складзе - амфібрахій, на апошнім, трэцім, складзе - анапест).
   Чаргаванне пэўнай колькасці аднолькавых стопаў утварае памер вершаваны. "Прасодыя вучыць метрам, ці мераю колькасці, вершы складаць", - пісаў Мялецій Сматрыцкі ў "Граматыцы славянскай" (1618), указваючы на значэнне метра у вершаванай мове. 
   Жывая плынь вершаванага рытму далёка не заўсёды супадае з метрам. Напрыклад, у чатырохстопных ямбах А. Пушкіна толькі каля 27% радкоў маюць па чатыры націскі, як таго патрабуе ямбічны метр. (64% - па тры, крыху больш 9% - па два.). Аднак нельга на гэтай падставе лічыць метр чымсьці неістотным, ілюзорным. У вялікай ступені дзякуючы менавіта метру ствараецца велізарнае багацце рытмічнай варыянтнасці метрычнага верша, у якім .метр выступае "ў якасці зададзенага ўзору, што загадзя існуе ў свядомасці, будучы ў выглядзе ўсвядомленых правіл ці "рытмічнага гулу" (М. Харлап).
   Метр вельмі адчувальна ўплывае на рытм метрычнага верша, з'яўляючыся адным з важнейшых яго стваральнікаў.
   Раздзел вершазнаўства, які вывучае сукупнасць правіл вершавання ў якой-небудзь літаратуры (сістэмы вершавання, памеры вершаваныя) называецца метрыкай.

   Тэрмін "метр" таксама ўжываецца і ў значэнні вершаванага памеру.