Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце

Набыць беларускія кнігі можна на сайтах prastora.by і knihi.by



Метад літаратурны

   Метад літаратурны (ад гр. methodos - шлях даследавання, тэорыя, вучэнне) - сістэма гістарычна абумоўленых творчых прынцыпаў, якімі мастакі, блізкія па сваіх ідэйна-мастацкіх пазіцыях, кіруюцца пры адборы, абагульненні і ацэнцы жыццёвых з'яў.
   Звычайна літаратурныя метады адначасова выяўляюцца ў розных відах мастацкага слова (паэзія, проза, драматургія), а таксама ў розных мастацтвах (літаратура, жывапіс, архітэктура і гэтак ддалей).
   Літаратурныя метады цесна звязаны з тыпам творчасці і літаратурным напрамкам, у многім прадвызначаюць стыль пісьменніка.
   У мастацтве, у тым ліку у літаратуры, гістарычна змяняліся, а падчас суседнічалі розныя літаратурныя метады: барока, класіцызм, сентыменталізм, рамантызм, рэалізм, мадэрнізм. Кожнаму з іх характэрны свае прынцыпы і сродкі адлюстравання рэчаіснасці, галоўныя героі, асноўны пафас.
   У беларускай літаратуры не ўсе літаратурныя метады знайшлі аднолькавае ўвасабленне. Асобныя рысы барока (ад італ. barocco - вычварны, дзіўны) - пышная дэкаратыўнасць, парадаксальнасць, ускладненасць, багатая метафарычнасць, імкненне здзівіць, уразіць - увасобіліся ў беларускай панегірычнай, рэлігійна-філасофскай, парадыйна-сатырычнай і гумарыстычнай паэзіі 2-й паловы ХVІІ - 1-й трэці ХVІІІ ст., перш за ўсё у творчасці С. Полацкага.
   Што да класіцызму (ад лац. classicus - узорны) з яго арыентацыяй на антычнае мастацтва, культам розуму, героямі незвычайнымі, легендарнымі (багі, цары, палкаводцы і г. д.), то ён прадстаўлены ў беларускай літаратуры своеасабліва - праз асмяянне гэтага літаратурнага метаду ў сатырычна-парадыйных творах "Уваскрэсенне Хрыстова", "Энеіда навыварат" і "Тарас на Парнасе". У "чыстым" выглядзе ў шматмоўнай літаратуры Беларусі канца ХVІІ - пачатку ХІХ ст. ён увасобіўся ў творах на "панскіх" мовах - лацінскай (М. Карыцкі), польскай (А. Нарушэвіч, Юльян Нямцэвіч, Ф. Багамолец), рускай (І. Сакольскі, І. Галянеўскі). Тэарэтычныя прынцыпы яго ў сваіх курсах паэтыкі распрацаваў выкладчык Полацкай калегіі М. Сарбеўскі ("Пра дасканалую паэзію, або Вергілій і Гамер", "Лекцыі па паэтыцы").
   Сентыменталізм (ад франц. sentiment - пачуццё), росквіт якога ў рускай літаратуры прыпадае на ХVІІІ ст., у процівагу класіцызму сваю ўвагу засяродзіў на паказе чалавечых пачуццяў перажыванняў; героем ён абраў прадстаўніка ніжэйшых саслоўяў (шляхціц, часам селянін). У беларускай літаратуры ён часткова выявіўся ў творчасці Яна Баршчэўскага, Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча ("Гапон", "Ідылія").
   Дэмакратызаваць літаратуру працягваў рамантызм (канец ХVІІІ - 1-я палова ХІХ ст.), для якога важным было не саслоўнае паходжанне чалавека, а яго ўнутраны свет, моц характару, вышыня ідэалаў.
   Своеасаблівасцю літаратурнага развіцца ХІХ ст. стаў пераход пісьменнікаў ад рамантызму да рэалізму. У ХХ ст., побач з рэалізмам і рамантызмам (неарамантызмам), у заходняй, а затым і ў рускай літаратуры пачынае існаваць мадэрнізм.