Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце

Набыць беларускія кнігі можна на сайтах prastora.by і knihi.by



Метад літаратуразнаўчы

   Метад літаратуразнаўчы — гістарычна і тэарэтычна абумоўлены шлях навуковага даследавання літаратурнай творчасці, у аснове якога — тыя ці іншыя прынцыпы аналізу.
   Гісторыя літаратуразнаўства ведае шэраг літаратуразнаўчых метадаў. Так, у пачатку ХІХ ст. ўзнікла міфалагічная школа, прадстаўнікі якой (Ф. Шэлінг, браты А. і Ф. Шлегелі, браты В. і Я. Грым, А. Афанасьеў і інш.) лічылі, што першавобразам, асновай не толькі літаратуры, але філасофіі і навукі з'яўляецца міф, з якога ў працэсе развіцця ўзнікае казка, легенда, эпас і г. д. Уся мнагастайнасць творчай дзейнасці, паводле міфолагаў, з'яўляецца нічым іншым, як сімвалічным пераасэнсаваннем старажытных міфаў.
   Да міфалагічнай школы прымыкае міграцыйная тэорыя, якая падобнасць фальклорных і некаторых літаратурных твораў тлумачыць запазычаннем асобных сюжэтаў і вобразаў адным народам у другога.
   У 30-я гг. з'явіўся біяграфічны метад, прыхільнікі якога (Ш. О. Сент-Бёў, І. Тэн, Г. Брандэс і інш.) усе вызначальныя моманты творчасці імкнуліся вытлумачыць біяграфіяй і асобай пісьменніка. Менавіта таму творчы партрэт пісьменніка заняў у той час асноўнае месца сярод усіх жанраў крытыкі.
   Даволі доўгі час літаратуразнаўцы даследавалі розныя пытанні мастацтва слова ў рэчышчы культурна-гістарычнай школы, што вырасла з нетраў біяграфічнага метаду і актыўна заявіла пра сябе ў сярэдзіне ХІХ ст. (А. Пыпін, М. Ціханраваў і інш.). Ужо не столькі біяграфія творцы цікавіла даследчыкаў, колькі "дух" цэлага народа ў пэўныя перыяды яго жыцця (т. зв. нацыянальны тэмперамент), асяроддзе, у якім народ жыў (у тым ліку сацыяльныя абставіны, прырода), дасягнуты ўзровень культуры і інш. Аднак, на жаль, даследчыкі не бачылі ўплыву мастацтва на жыццё народа, недаацэньвалі мастацкую спецыфіку твора, індывідуальнасць аўтара.
   Псіхалагічная школа, што склалася ў апошнюю трэць ХІХ ст., працягвала развіваць некаторыя ідэі культурна-гістарычнай школы і асабліва — біяграфічнага метаду. Галоўным прадметам вывучэння для яе стаў унутраны, псіхалагічны бок творчасці, і перш за ўсё — духоўнае жыццё аўтара. Літаратуразнаўцы, якія стаялі на пазіцыях гэтага літаратуразнаўчага метаду (В. Вунд, Э. Энекен, А. Патабня і інш.), твор лічылі мадэллю душы аўтара, а само мастацтва — пераўвасабленнем перажыванняў мастака ў вобразы. Прычыну разнастайнасці твораў яны бачылі ў рознасці перажыванняў і псіхалагічных тыпаў мастака. Гістарычнае развіццё літаратуры, яе грамадская функцыя іх мала цікавілі.
   У пачатку ХХ ст. з псіхалагічнай школы вырас псіхааналіз літаратурны, у аснову якога лягло вучэнне З. Фрэйда і яго паслядоўнікаў пра ролю несвядомага (найперш сексуальных інстынктаў) у духоўным жыцці чалавека. Асэнсоўваючы змястоўную форму, псіхааналітыкі (Л. Выгоцкі, М. Бахцін і інш.) шукалі біяграфічную падаснову мастацкай дзейнасці або нацыянальную і нават агульначалавечую падсвядомасць у яе архетыпах.
   У ХХ ст. да асобных ранейшых літаратуразнаўчых метадаў далучылася шмат іншых. Так, з'явіўся фармальны метад, які бачыць мастацкасць і спецыфіку літаратуры выключна ў яе форме, што здольная да самаразвіцца, ігнаруе пазалітаратурныя кампаненты твора. Прадстаўнікі фармальнага метаду (В. Жырмунскі, О. Брык, Б. Тамашэўскі, В. Шклоўскі, В. Проп і інш.) зрабілі нямала для распрацоўкі асобных праблем фалькларыстыкі, вершазнаўства (рыфма, рытміка, метрыка, паэтычны сінтаксіс і інш.).
   Структуралізм разглядае літаратурны твор як структуру ўзаемазвязаных кампанентаў зместу і формы. Ён абапіраецца на метады некаторых дакладных навук (тэорыя інфармацыі, структурная лінгвістыка, матэматычная логіка і інш.). Найбольш выявіў сябе ў даследаванні асобных літаратурных тэкстаў, у вершазнаўстве, тэорыі перакладу, фалькларыстыцы і міфалогіі.
   У значнай ступені ў супрацьвагу гэтым літаратуразнаўчым метадам пашырыўся сацыялагічны метад, які сфарміраваўся яшчэ ў другой палавіне ХІХ ст. (Ф. Мерынг, П. Лафарг, Г. Пляханаў, А. Луначарскі і інш.) і вывучае літаратуру як сацыяльную з'яву: месца літаратуры ў грамадстве, успрыманне яе чытачом, роля пісьменніка ў грамадскім жыцці і г. д. У нетрах гэтага літаратуразнаўчага метаду ўзнік асобны напрамак, які пазней атрымаў назву вульгарнага сацыялагізму. Прадстаўнікі яго (Ф. Фрычэ, В. Пераверзеў, В. Калтуяла і інш.) большасць палажэнняў сацыялагічнага метаду давялі да крайнасці, да абсурду, тлумачачы літаральна ўсю своеасаблівасць творчасці пісьменніка, нават ягоны стыль, выключна эканамічнымі фактарамі, класавым паходжаннем мастака.
   У ХХ ст. пашырэнне атрымаў кампаратывізм (ад лац. comparare — параўноўваць), або параўнальна-гістарычнае вывучэнне літаратуры. У аснове такога вывучэння — тыпалагічнае падабенства асобных нацыянальных літаратур, літаратурныя сувязі і ўзаемаўплывы.
   Пры гісторыка-функцыянальным вывучэнні літаратуры звяртаецца ўвага на характар функцыянавання літаратуры ў чытацкай аўдыторыі: успрыманне ранейшых і цяперашніх твораў чытачамі і крытыкамі, чытацкія "варыянты" літаратурных твораў, рэпутацыі пісьменнікаў, успрыманне іншамоўных аўтараў праз пераклад, крытычныя водгукі і г. д.
   У беларускім літаратуразнаўстве, якое сапраўднае развіццё атрымала толькі ў ХХ ст., у той ці іншай ступені праявіліся ўсе названыя літаратуразнаўчыя метады — ад культурна-гістарычнай школы (Ян Карскі, М. Янчук, І. Замоцін, Максім Багдановіч), фармальнай школы (А. Вазнясенскі, Я. Барычэўскі) да сацыялагічнага метаду (Максім Гарэцкі, А. Бабарэка, М. Піятуховіч) і нават вульгарнага сацыялагізму (Л. Бэндэ, А. Кучар, Віталь Вольскі).
   Сучасная тэорыя літаратуры знаходзіцца ў няспынных пошуках новых шляхоў навуковага аналізу, у тым ліку — літаратуразнаўчых метадаў.