Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце

Набыць беларускія кнігі можна на сайтах prastora.by і knihi.by



Мемуарная літаратура

   Мемуарная літаратура (франц. memoires, ад лац. memoria -памяць, успаміны) — жанр дакументальна-мастацкай літаратуры, у аснове якога - успаміны аўтара пра падзеі, удзельнікам ці сведкам якіх быў ён або героі ягоных твораў.
   У адрозненне ад уласна мастацкай, у мемуарнай літаратуры. пісьменнік не можа змяняць рэальны ланцуг жыццёвых падзей, дадумваць ці па-іншаму падаваць асобныя факты. Асоба яго відаць у адборы фактаў, іх ацэнцы.
   Да мемуарнай літаратуры ў шырокім сэнсе адносяцца летапісы, дзённікі, аўтабіяграфіі пісьменнікаў, некаторыя гісторыка-дакументальныя нарысы, нататкі, у вузкім — уласна ўспаміны пра найбольш істотнае, характэрнае для пэўнага перыяду грамадскага ці асабістага жыцця пісьменніка.
   Жанравымі разнавіднасцямі мемуарнай літаратуры з'яўляюцца мемуары-хронікі ("Былое и думы" А. Герцэна, "Люди, годы, жизнь" І. Эрэнбурга), мемуары-нарысы ("Аповесць пра сябра" Івана Шамякіна), мемуары-партрэты (літаратурныя партрэты М. Горкага, "Воспоминания" І. Буніна), мемуары- дзённікі ("Лісткі календара" Максіма Танка).
   Беларуская мемуарная літаратура ўзнікла яшчэ ў канцы XVI — першай палавіне ХVII стст. Першы значны беларускі мемуарыст — Ф. Еўлашоўскі (1546-1616), аўтар арыгінальных мемуарных запісаў, якія пазней атрымалі назву "Дзённік". Яго справу прадоўжыў сваім "Дыярыушам" (1646) Афанасій Філіповіч (1597-1648). У шматлікіх творах мемуарнай літаратуры (пераважна на польскай, пазней — на рускай мовах) адлюстраваліся найважнейшыя падзеі беларускай гісторыі ХVІІ-ХІХ стст. У ХІХ ст. з'яўляецца мемуарная літаратура на беларускай мове ("Мемуары" Альгерда Абуховіча). Асобныя (у тым ліку трагічныя) падзеі XX ст. адлюстраваліся ў мемуарах Францішка Аляхновіча ("У капцюрох ГПУ"), П. Мядзёлкі ("Сцежкамі жыцця"), Ларысы Геніюш ("Споведзь"), Б. Мікуліча ("Аповесць для сябе"), нататках Янкі Брыля і інш. Выйшлі спецыяльныя зборнікі ўспамінаў пра буйнейшых беларускіх пісьменнікаў (Янку Купалу, Якуба Коласа, Максіма Багдановіча, Івана Мележа і інш.). Многія літаратары выдаюць асабістыя кнігі ўспамінаў ("Вачыма часу" М. Лужаніна, "Свая аповесць" Янкі Скрыгана, "Вяртанне ў маладосць" С. Шушкевіча і інш.).