Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Літаратурны працэс

   Літаратурны працэс - складанае, гістарычна абумоўленае развіццё літаратуры як комплексу ўзаемазвязаных фактаў і з'яў (мастацкія творы ў рукапісах, публікацыях у перыёдыцы і асобных выданнях; выказванні літаратурнай крытыкі; чытацкія водгукі, увасобленыя ў мемуарах і эпісталярнай літаратуры, і інш.).
   Літаратурны працэс цесна звязаны з грамадска-палітычнымі абставінамі, пануючай ідэалогіяй у краіне, з філасофскай думкай, этычнымі прынцыпамі і эстэтычнымі ідэаламі пэўнага часу, з распрацаванасцю літаратурнай мовы і развіццём розных відаў мастацтва. Узнікнуць літаратурны працэс можа толькі пры дастатковай колькасці стваральнікаў літаратуры і іх належным ідэйна-творчым узаемадзеянні, пры наяўнасці літаратурных друкаваных органаў (перыёдыка, выдавецтвы). Уключае як творчасць асобных пісьменнікаў, так і літаратурных груп, арганізацый, творчыя здабыткі цэлых літаратурных метадаў і напрамкаў.
   Для літаратурнага працэсу характэрныя такія прыкметы, як масавасць і бесперапыннасць літаратурных з'яў і фактаў, пісьменніцкія ўзаемасувязі і ўзаемаўплывы, пераемнасць і развіццё літаратурна-мастацкіх традыцый.
   Хоць новая беларуская літаратура распачалася яшчэ ў канцы ХVІІІ -пачатку ХІХ ст., пра літаратурны працэс у дачыненні да яе мы можам гаварыць толькі адносна пачатку ХХ ст., калі з'явіліся першыя легальныя беларускія перыядычныя выданні ("Наша доля", "Наша ніва", альманах "Маладая Беларусь" і інш.), выдавецтвы ("Загляне сонца і ў наша ваконца", "Наша ніва", "Палачанін" і інш.), а колькасць стваральнікаў літаратуры стала вымярацца не адзінкамі, а дзесяткамі, нават сотнямі. Так, па падліках Максіма Багдановіча, "адна "Наша ніва " ў 1910 г. змясціла 666 карэспандэнцый з 320 месцаў, 69 апавяданняў 30 розных аўтараў, 112 вершаў 24 паэтаў і шэраг публіцыстычных артыкулаў, якія належаць, апрача прадстаўнікоў самой рэдакцыі, пяру 32 асобаў'.
   З пачатку ХХ ст. да сённяшняга дня беларускі літаратурны працэс не перапыняецца. Гэтаму садзейнічаюць розныя літаратурныя аб'яднанні, у якіх гуртаваліся і гуртуюцца пісьменнікі, — "Маладняк" (1923-1928), "Узвышша" (1926-1931), "Полымя" (1927-1932), Саюз беларускіх пісьменнікаў (з 1932; сёння ў ім звыш 500 членаў), Таварыства вольных літаратараў (з 1993) і інш.
   У ХХ ст. нарадзілася спецыфічная літаратурная перыёдыка: часопісы "Полымя" (з 1922), "Маладняк" (1923-1932), "Маладосць" (з 1953), "Узвышша" (1927-1931), газета "Літаратура і мастацтва" (з 1932) і інш., узніклі спецыяльныя літаратурна-мастацкія выдавецтвы, буйнейшыя з якіх - "Мастацкая літаратура" (з 1972) і "Юнацтва" (1981-2002).
   Колькасць стваральнікаў беларускай літаратуры ў асобныя перыяды дасягала ад некалькі сотняў да некалькі тысяч чалавек, многія з якіх не ўваходзілі ў літаратурныя арганізацыі і змяшчалі свае творы найперш у перыядычных выданнях. У гэты час актыўна развіваліся і мацнелі літаратурныя сувязі, як унутрынацыянальныя, так і міжнацыянальныя.
   Непапраўную шкоду літаратурнаму працэсу нанеслі сталінскія рэпрэсіі 1930-х гг., падчас якіх было рэпрэсавана да 90% беларускіх літаратараў. Некаторыя найбольш значныя факты і з'явы літаратурнага працэсу у выглядзе пэўных рэчаў, рукапісаў, публікацый становяцца здабыткам літаратурных архіваў і музеяў.
   У ХХ ст. беларуская літаратура падключылася да ўсесаюзнага, еўрапейскага і сусветнага літаратурнага працэсу.

Похожие статьи:

ННапрамак літаратурны

РРод літаратурны

ССувязі літаратурныя

ЛЛітаратурнае краязнаўства