Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце

Набыць беларускія кнігі можна на сайтах prastora.by і knihi.by



Літаратура

   Літаратура (лац. literatura - напісанае, рукапіс, ад litera -літара) - адзін з відаў мастацтва, слоўна-вобразная мастацкая творчасць.
   У адрозненне ад вуснай народнай творчасці, або фальклору, літаратура карыстаецца не вуснай, а пісьмовай мовай у яе апрацаванай, літаратурнай форме. Паводле характару вобразнага адлюстравання рэчаіснасці літаратура падзяляецца на мастацкую, публіцыстычную, дакументальную, дыдактычную, эпісталярную, крытыку літаратурную і пераклад мастацкі. У сваю чаргу, мастацкая літаратура дзеліцца на прозу, або белетрыстыку (у тым ліку раманістыку, навелістыку), паэзію і драматургію; з публіцыстыкі вылучаецца аратарская проза, або красамоўства; мастацка-дакументальная літаратура уключае мемуарную, у т. л. летапісную, а таксама жыційную (старажытныя апавяданні пра жыццё святых), гістарычную; з дыдактычнай літаратуры можна выдзеліць навуковую паэзію.
   Да эпісталярнай літаратуры. адносяцца лісты пісьменніка, яго перапіска з іншымі асобамі. Крытыка літаратурная далучаецца да ўласна літаратуры не толькі таму, што таксама адлюстроўвае (хоць і апасродкавана, шляхам разгляду твору) рэальнае жыццё, але і дзякуючы выяўленчым мажлівасцям слова, што збліжае крытыку з публіцыстыкай. Пераклад мастацкі мае непасрэднае дачыненне як да твораў літаратуры, так да слоўна-вобразнай творчасці ўвогуле.
   З усяго масіву літаратуры паводле сваёй скіраванасці вылучаецца дзіцячая літаратура і так званая масавая літаратура - шматтыражныя забаўляльныя творы, разлічаныя на не надта патрабавальных чытачоў. Да апошняй (з якой вылучаецца нізкапробная, т. зв. бульварная літаратура) належаць баевікі (творы пра наёмных і прафесійных забойцаў) і дэтэктыўная літаратура.
   Літаратура, як і мастацтва ўвогуле, мае канкрэтна-гістарычны, нацыянальны і сацыяльны, класавы характар. Максім Горкі падкрэсліваў: "Літаратура ніколі не была асабістай справай Стэндаля або Льва Талстога, яна заўсёды справа эпохі, краіны, класа". Час, эпоха кладуць свой адбітак на многія асаблівасці зместу і формы літаратуры: яе ідэйную скіраванасць, тэматыку, лексіку, жанравыя і відавыя прыкметы і гэтак далей. Гэта відаць адразу, варта толькі параўнаць, скажам, беларускую літаратуру XІX ст. з сучаснай.
   Разам з тым, пры ўсім адрозненні, ёсць у іх агульнае, як, напрыклад, у творчасці Францішка Багушэвіча і Пімена Панчанкі. Абодва яны - пісьменнікі менавіта беларускія, гэта значыць выяўляюць думкі, пачуцці, псіхалогію беларусаў, адлюстроўваюць іх гісторыю, культуру, звычаі і робяць гэта выяўленчымі сродкамі роднай беларускай мовы.
   Мова - матэрыял і інструмент кожнага пісьменніка - найбольш важная нацыянальная прыкмета літаратуры, менавіта па мове адрозніваюць асобныя нацыянальныя літаратуры (беларуская, руская, англійская і г. д.). Дзякуючы мове літаратура з'яўляецца найбольш нацыянальным відам мастацтва. У той жа час па сваіх праблемах, пафасе, ідэйнай скіраванасці, чалавеказнаўчай сутнасці літаратура не менш універсальная, чым іншыя віды мастацтва. У сапраўдных творах літаратуры нацыянальнае і ўніверсальнае, агульначалавечае знітаваны непарыўна.
   Літаратура выяўляе думкі і настроі пэўнага сацыяльнага асяроддзя, класа, адлюстроўвае сацыяльную барацьбу ў грамадстве, удзельнічае ў гэтай барацьбе. Апрача гэтага, літаратура часам сама становіцца адной з форм сацыяльнага змагання. Усё гэта сведчыць аб сацыяльнасці, класавасці літаратуры.
   На вышэйшым этапе развіцца класавай свядомасці, калі на грамадскую арэну ўступаюць розныя партыі, узнікае партыйнасць літаратуры як ідэйна-эстэтычная катэгорыя. Партыйнасць - гэта ўсвядомленае і мэтанакіраванае выяўленне сацыяльна-палітычных перакананняў пісьменніка, свядомая прапаганда класавых, партыйных мэт. Наяўнасцю ў пісьменніка выразнай класавай свядомасці, якую выпрацоўваюць і распаўсюджваюць у грамадстве пэўныя партыі, партыйнасць літаратуры і адрозніваецца ад проста класавасці. З класавасцю і партыйнасцю цесна звязана і паняцце народнасці літаратуры, якое ўключае праўдзівасць, шырыню і глыбіню адлюстравання важных, цікавых для народа з'яў рэчаіснасці ў святле перадавых для свайго часу грамадскіх ідэалаў. Пры гэтым такое адлюстраванне павінна быць высокамастацкім, зразумелым для самых шырокіх народных мас.
   Зразумела, у кожную эпоху існуюць свае перадавыя грамадскія ідэалы, носьбітамі якіх з'яўляюцца прадстаўнікі пэўнага сацыяльнага асяроддзя, класа, партыі. Узорам непераўзыдзенай народнасці беларускай літаратуры з'яўляецца творчасць яе класікаў, нацыянальных дэмакратаў Янкі Купалы і Якуба Коласа. У Беларусі для лепшых мастакоў слова ўведзены ганаровыя званні народнага пісьменніка і народнага паэта.
   Літаратура актыўна ўздзейнічае на грамадскае жыццё, выконвае цэлы шэраг канкрэтных функцый. Адна з галоўных - эстэтычная функцыя. Літаратура, як і мастацтва ў цэлым, адпавядае патрэбе чалавека ў прыгожым, прыносіць яму эстэтычнае задавальненне, выклікае эстэтычнае перажыванне (адначасова ўздым пачуццяў, волі і розуму чалавека), фармуе яго эстэтычны густ і эстэтычны ідэал (разуменне прыгожага жыцця -такога, якое павінна быць паводле ўяўленняў аб ім). Літаратура шліфуе, апрацоўвае народную мову, удасканальвае яе літаратурны варыянт, памнажае мастацкія каштоўнасці нацыі. Праз выхаваўчую функцыю літаратура удзельнічае ў грамадска-палітычным і маральна-этычным выхаванні чалавека: дапамагае фармаваць светапогляд як цэласную сістэму поглядаў на рэчаіснасць, сукупнасць ідэйных перакананняў, садзейнічае выпрацоўцы маральных прынцыпаў, якімі кіруюцца людзі ў штодзённым жыцці. Значныя пазнавальныя магчымасці літаратуры. Яна пазнае найперш глыбіні чалавечай псіхікі, характару, фіксуе найтанчэйшыя душэўныя зрухі. Хоць у пазнанні навакольнай рэчаіснасці літаратура, зразумела, і ўступае навуцы, усё ж і з літаратуры мы многае даведваемся пра падзеі грамадскага жыцця, асобныя навуковыя адкрыцці, т. зв. нежывую прыроду і г. д. Сюды непасрэдна прымыкаюць такія функцыі літаратуры, як эўрыстычная (ад грэц. heurisko -адшукваю, адкрываю) і прагнастычная (футуралагічная), дзякуючы якім літаратура можа ў пэўнай ступені прадвызначаць асобныя навуковыя адкрыцці і прагназаваць будучыню. Камунікатыўная (ад англ. communication - камунікацыя, сувязь) функцыя літаратуры выяўляецца ў наладжванні духоўных кантактаў паміж пісьменнікам і яго чытачамі, з аднаго боку, і паміж самімі чытачамі - з другога. Літаратура, апрача ўсяго, - гэта магутны сродак духоўна-эмацыянальных зносін паміж людзьмі. Мае літаратура і этнагенетычнае значэнне: вызначае, узбагачае і захоўвае духоўны воблік нацыі, з'яўляецца своеасаблівай скарбніцай нацыянальнай мовы. Нарэшце. літаратура выконвае і геданістычную (ад грэч. hedone - асалода) функцыю: яна здольная забаўляць, прыносіць чытачам прыемнасць, асалоду.
   Гаворачы пра літаратуру, нельга абысці такія яе асноватворчыя якасці, як ідэйнасць, грамадзянскасць і гуманізм. Грамадзянскасць літаратуры. - гэта выяўленне ў літаратуры і праз літаратуру востра актуальных, грамадска значных праблем часу (палітычных, сацыяльных, маральных). "Поэтом можешь ты не быть, но гражданином быть обязан!" - гэтыя крылатыя словы М. Някрасава вызначылі асноўнае патрабаванне не толькі ў адносінах да рускай паэзіі, але і да літаратуры увогуле. Сваім выказваннем аўтар "Каму на Русі жыць добра" палемізаваў з прыхільнікамі тэорыі т. зв. "чыстага мастацтва", або "мастацтва для мастацтва" (А. Фет, А. Майкаў, А. Апухцін, К. Фофанаў і інш.), якія свядома пазбягалі палітычнай і грамадскай праблематыкі, сцвярджалі самацэннасць мастацкай творчасці. Беларуская літаратура заўсёды вызначалася сваёй грамадзянскасцю, дапамагала роднаму народу ў яго барацьбе за сацыяльнае і нацыянальнае вызваленне. У часы Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча і Францішка Багушэвіча патрэбна была грамадзянская смеласць ужо для таго, каб пісаць і друкавацца на афіцыйна забароненай, зганьбаванай беларускай мове. Тым большая смеласць патрабавалася для выяўлення на гэтай мове праблем сацыяльнай няроўнасці, патрыятызму, гуманізму. На розных этапах гісторыі Беларусі ХХ ст. грамадзянскасць літаратуры дапамагала народу фармаваць яго нацыянальную самасвядомасць, абуджала гістарычную памяць, умацоўвала пачуццё дзяржаўнасці і дзяржаўнай самастойнасці, настройвала чытача на самавыхаванне, змаганне з праявамі бездухоўнасці, амаральнасці, нацыянальнага нігілізму. У савецкі час грамадзянскасць супрацьстаяла тэорыі бесканфліктнасці, якая засноўвалася на меркаванні, быццам бы ў сацыялістычным грамадстве не было ніякіх, нават неістотных, супярэчнасцей. Поўная супрацьлегласць грамадзянскасці літаратуры - герметызм у заходняй дэкадэнцкай літаратуры. Герметысты наўмысна адгароджваюцца ад грамадскіх праблем, рэальнага жыцця, уцякаюць у свет суб'ектыўных уражанняў, перажыванняў, мараў.
    Гуманізм літаратуры (ад лац. humanus - чалавечы, чалавечны) - ідэі і матывы чалавекалюбства, чалавечнасці ў літаратурнай творчасці. Высокаідэйная, грамадзянская літаратура заўсёды была гуманістычнай. Імкненнем узвялічыць простага чалавека, жаданнем паказаць, што і прыгонны селянін - такі ж чалавек, як і яго пан, часам нават яшчэ лепшы за пана, была прасякнута творчасць Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча. З болем успрымаў сацыяльную няроўнасць у грамадстве Францішак Багушэвіч. У імя чалавека і дзеля чалавека жылі, змагаліся, працавалі Янка Купала, Якуб Колас, Максім Багдановіч, Алесь Гарун, Змітрок Бядуля, Максім Гарэцкі і інш. "Без чалавечнасці не будзе і вечнасці!" -гэты паэтычны афарызм Пімена Панчанкі выявіў пафас творчасці лепшых беларускіх пісьменнікаў ХХ ст. Іх гуманізм канкрэтны, дзейсны, актыўны. Існуе яшчэ і абстрактны, пасіўны гуманізм, які спачувае ўвогуле чалавеку, пры гэтым лічыць яго істотай бяссільнай, слабой, не здольнай што-небудзь змяніць у жыцці. Беларускай літаратуры чужая дэгуманізацыя мастацтва - цынічны і тэндэнцыйны паказ у чалавеку нізкага, пошлага, смакаванне чалавечых слабасцей, звядзенне чалавека да ўзроўню жывёлы.
   Літаратура у шырокім сэнсе - сукупнасць друкаваных тэкстаў (артыкулы, брашуры, кнігі) па любых пытаннях навукі і культуры (літаратура філасофская, геаграфічная, медыцынская, сельскагаспадарчая і г. д.).