Ліпаграматычны верш (ад грэч. lіepo — не хапаць і gramma — літара, запіс) — верш, інструментаваны такім чынам, што ў ім адсутнічае які-небудзь адзін ці некалькі гукаў (літар).
Часам паэты ствараюць ліпаграматычныя вершы дзеля пэўнага эўфанічнага эфекту. Так, Г. Дзяржавін у вершы «Соловей во сне», не ўжываючы гука р і, з другога боку, уводзячы алітэрацыю на с, імкнуўся перадаць гукавое ўражанне ад спеву салаўя. Аднак часцей за ўсё ліпаграматычныя вершы — гэта своеасаблівыя вершы-забавы, якія дэманструюць версіфікатарскія здольнасці паэта і гукавыя мажлівасці пэўнай мовы. Яшчэ ў антычнасці, імкнучыся «пераўзысці» Гамера, асобныя грэчаскія і рымскія паэты пісалі свае «Іліяды» і «Адысеі», у асобных раздзелах якіх адсутнічалі пэўныя літары (напрыклад, у першым раздзеле — а, у другім — б і г. д.).
У беларускай паэзіі ліпаграматычныя вершы надзвычай рэдкія. Адзін з нямногіх — «Матылёк» Рыгора Барадуліна, у якім выразная алітэрацыя на л і ні разу не ўжыты гук р:
Лілею
млявы
плёс
люляе,
З-пад злежалых
аблок
здалёк
Ляціць віхлясты і бялявы
Пялёстак лёгкі —
матылёк.
Ён кліча у блакіт лілею —
Каб не любіла больш да слёз
Бліскучы ад лускі і глею
Самлелы,
абмялелы
плёс.